?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
пра жаночую неабачлівасць і мужчынскую баязлівасць
кот
veragodna
Пайшла я ў чацвер у басейн - традыцыйная вясновая гонка за больш-менш прымальнымі формамі перад летнім адпачынкам.
Плыву, значыць, у тэмпе, нікога не чапаю, а насустрач нейкі мужчына даў нырца. Інтрыгуючы пачатак? :)

Праз некалькі секунд вынырвае нага гэтага мужыка ў трох сантыметрах ад майго твару і з усяе моцы б'е па вадзе. Я, рыхтык прафесійны баксёр, паспяваю ўхіліцца ад моцнага хуку ў падбароддзе, але адчуваю, што яго нага чапляе на маёй шыі ланцужок і ператварае яго ў маляўнічае, як пасля высветлілася, шмаццё, накшталт ніткі-дроту. І тут я разумею: КРЫЖЫК! Падораны мамай, асвечаны ў царкве, мой нацельны залаты крыжык, які я не здымаю ніколі, бо гэта не ўпрыгожванне - "золатабрыльянты" я, натуральна, у басейн не надзяваю. Хапаюся за шыю - няма крыжыка!

Нырун гэты прамармытаў нейкія выбачэнні і ледзьве не батэрфляем паплыў да выхаду. Я бягом да цёткі-наглядчыцы, тлумачу сітуацыю. Кажу, дапамажыце, маўляў, дастаць. Цётка - тыповая такая кабета з начосам і тварам, на якім чытаецца пакута ад сваёй нудотнай працы, - не надта пранікаецца маімі праблемамі. Яе больш цікавяць падрабязнасці нашага з ныруном інтымнага кантакту ў вадзе. Карацей, класіка: "спасеніе утопаюшчых - дело рук саміх утопаюшчых". Бярыце, кажа, акуляры і нырайце, лепш - у перазменку, калі нікога няма ў вадзе. Людзі часам знаходзілі сваё золата. Абылажанчынаякаявялізныбрыльянтзгубіла.... Адругаяназаказзавушніцурабіла.... Атрэцяя....

А басейн мала таго што глыбокі, дык яшчэ з мінеральнай вадой - у такім захочаш утапіцца, дык замучаешся, выштурхоўвае вада. І каб паспяхова ныраць, трэба быць не кволым філолагам, а нармалёвым такім качком, як мінімум. Мужык, карацей, трэба. Шукаю вачыма майго інтымнага партнёра па няшчасці, а яго няма! Збег хавацца ў мужчынскую раздзявальню. Прычым рэальна збег, бо пад час інцыдэнту я яшчэ свой кіламетр не праплыла (гэта каля 30 хвілін), а ён прыйшоў пазней за мяне. Сядзіць там і не выходзіць. Думаў, відаць, што я яго не дачакаюся. А я не магу сысці, бо мабільны ў басейн не бяру, а муж прыедзе за мной згодна з агавораным часам.


Увогуле, я ніколі не скандалю, не маё гэта. Ды і не ўмею. На маёй памяці быў толькі адзін выпадак, калі я славесна білася не на жыццё, а на смерць, калі ў пражскім аэрапорце ў 2015-м затрымалі майго мужа, я распавядала калісьці пра гэта ў жж. Муж пасля сказаў, што ніколі не бачыў мяне такой раз'юшанай, і рэальна спужаўся, што нас пасля гэтага забярэ паліцыя :). Ды і маштаб праблем непараўнальны, у гэтым выпадку для мяне галоўнае было - знайсці крыжык, а не пакараць неакуратнага ныруна. Але я рэальна раззлавалася з-за маладушнасці, баязлівасці і безадказнасці, не пабаюся гэтага слова, мужчыны. Урэшце, выходзіць інтэлігентны такі на выгляд чалавек гадоў 35-ці. "Куды ж Вы схаваліся?" - пытаюся. І дадаю выпрацаваным за дзесяцігоддзі настаўніцкім голасам: "І калі Вы так добра ныраеце, ці не будзеце ласкавы пашукаць мой крыжык на дне". Ён распранаецца і вяртаецца ў басейн. Церпіць, але шукае. Відаць, баіцца двойку атрымаць за непаслухмянасць.

Мы з мужам у гэты час едзем дадому, дзе я сутаргава збіраю яго рэчы для басейна. Наколькі сутаргава, можна меркаваць па тым факце, што я забыла ручнік, шапку і трубку ад маскі. Цяпер ныраюць ужо двое. Наведвальнікам басейна - бясплатнае шоу, кожны пытаецца, што здарылася, нібыта спачувае, але ніводзін не пакідае басейн раней канца сеансу, каб вада супакоілася і каб дапамагчы такім чынам нам у пошуках. Нарэшце, натоўп пайшоў па сваіх справах, а мы працягнулі вытанчанае катаванне. Людзі, аказваецца, адшукаць крыжык у басейне вельмі складана! Тры разы літаральна па сантыметры на працягу 40 хвілін агледзелі басейн - няма!  І вадасцёкі праверылі, нават навобмацак - няма.

Я ўжо амаль змірылася з думкай пра развітанне з любімым крыжыкам, калі мой гераічны муж раптам крыкнуў: "ЗНАЙШОЎ! БАЧУ!" Наш нырун выдыхнуў, ён, відаць, думаў, што я хачу спагнаць з яго грошы за страчаную палову ланцужка, але ж ці гэта галоўнае ў жыцці? І прызнаўся, што ў яго кепскі зрок, таму ўсе яго пошукі былі чыстай фармальнасцю. Такі вось хэпі-энд.

Мараль: як файна, калі твой мужчына ў добрай фізічнай форме! :) Насампраўдзе я тут пра мужчынскую інфантыльнасць. Непераможная рэч.

PS Аказваецца, тут ёсць людзі, якія мяне яшчэ чытаюць, чакаюць і нават гатовы стаічна пераносіць мае даўжэзныя справаздачы з падарожжаў. Дзякуй вялікі, гэта вельмі кранальна!

А то як жа :)

Радзей заходзяць людзi - гэта факт... Але ж заходзяць :)

Re: А то як жа :)

Ага, раней першыя 50 каментароў за гадзіну набягалі :). Во і выснова.

Ну вось вы кажаце, што сварыцца не ўмееце, але ў вас е іншая крутая зброя -- гэтая самая настаўніцкая інтанацыя) Калі ўлічыць тое, што мы ўсе прайшлі праз гэта, шмат што захавалася на ўзроўні рэфлексаў)
А так нават не ведаю як бы я ў такой сітуацыі паступіла...

Не, настаўніцкую інтанацыю я выкарыстоўваю :). Але звычайна ўсе канфлікты і непаразуменні муж вырашае.

У сэнсе? А як яшчэ можна было?

Дадам - у вадзе мне мой кепскi зрок не перашкаджае неблага бачыць.
Лiкбез
http://glaza.by/fakty/719/vision_under_water.html

муж малайца які!
а мужык нейкі з дзівосамі, мо ён упершыню ў басіку, ці як так можна ўвогуле?

я калі малая была, хадзіла ў секцыю па плаванні. дык у нас там любімая гульня была - якую дробязь швырануць на дно і шукаць потым :) але крыжык тое зусім маленечкая рэч жа....

Я ўвогуле ў прыемным шоку - не хлопчык жа ўжо. Ганаруся! :)

Крыжык даволі буйны, мы разлічвалі, што будзе блішчэць. Куды там! :)

Мужчына, відавочна, парваў ланцужок выпадкова. І ныраў, напэўна, без злачыннай змовы. І выбачыўся пасля.
Не было б у вас крыжыка - і не было б праблемы (у вас і двух мужчын). Але гэта проста канстатацыя факта, не папрок.

Edited at 2017-04-23 20:08 (UTC)

А хіба я пакрыўдзіла мужчыну? :) Упэўнена, што не наўмысна. Але ён парушыў правілы карыстання басейнам.

Мне цяжка зразумець людзей. Напрыклад (класіка жанру), сядзіць мадам з глыбокім дэкальтэ, а на грудзях ляжыць залаты крыж на залатым ланцугу. Ці то на яго глядзець, ці то на грудзі? Здаецца, крыж на тое і называецца нацельным, каб яго не дэманстравалі, а хавалі пад вопраткай. Думаю, і зняць часам будзе лепшай ідэяй, чым рызыкаваць і адчуваць нязручнасці (напрыклад, пры працы на такарным станку ці ў гарачай лазні).

Я такая мадам :). Я яго проста не здымаю. Калі лета, то ён і выглядае прыкладна так, як Вы апісалі :). А ў лазні я здымаю, бо пячэ. Але я рэдка бываю ў лазні.

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

Віншую! Вельмі добра, што ня страцілі матулін крыжык.

Але ж вось гэта педагагічны талент!..

Так! Уяўляю, як бы мама перажывала...

Гэта досвед адпраўлення студэнтаў на пераздачу :).

Сёння неяк зоркi на небе сышлiся, я таксама нарэшце допiс якi-нiякi напiсала))) дыхае часам ЖЖ! Жыве))

Гiсторыя вельмi цiкавая, я неяк у моры з малым сядзела, таксама ля нас нырэц быу (калi улiчыць, што я глыбей за "па пояс" нiколi не заходжу, то увогуле незразумела, куды там нырау...) дык давялося намякнуць таксама, што мора вялiкае, а я з дзiцём тут.

Ну а муж Superman, гэта бясспрэчна :)

Так, мужам ганарыцца можна і трэба!

Здравствуйте! очень давно Вас не видно было. Я очень обрадовалась.
Начала читать и расстроилась. Хорошо, что всё хорошо закончилось.

Добры дзень! Дзякуй вялікі за такія словы! Вельмі прыемна :)

Так, хоць палова ланцужка так і згубілася ў мінеральных хвалях, лічу, што ўсё скончылася добра.

Добра, што ўсё так добра скончылася. Я б пайшла скандаліць ))) Што мяне ледзь не забілі казала б. Першай думкай увогуле было ламіцца ў мужчынскую распранальню ))

:)) Ды нічога б, акрамя сапсаваных нерваў, не атрымалася б. Што я магла ад яго патрабаваць, калі ён такі інфантыльны. Нармалёвы мужык сам бы прапанаваў дапамогу, як мінімум. А псіхалагічна дарослы - яшчэ і нейкі бонус за непрыемнасці :).

Эх, таму я й не люблю розныя масавыя спартыўныя актыўнасьці. Басейн нібы й не такая масавая, але пасьля твайго расповяду таксама ня цягне :) Не хачу атрымаць нагой у сківіцу.


Дзеля справядлівасці адзначу, што гэта першы такі інцыдэнт за пяць гадоў, якія я наведваю басейн. Блін, ужо пяць гадоў! Сама здзівілася :).

какая интересная история. хорошо, что крестик нашли.

І я пайду з ім у наступны чацвер у басейн :).

"Праз некалькі секунд вынырвае нага гэтага мужыка ў трох сантыметрах ад майго твару" -- далей чакала працягу з медыцынскім аспектам. Але добра, што абыйшлося без.
Муж ужо ж прачытаў каментары пра тое, які ён малайчына? :) (А ён і праўда ж малайчына)

Ды і праўда, магла гэты пост без зуба пісаць - куды горшая страта.

Муж не чытае мой жж, гад :). Я яму ўжо гаварыла: "Это же надо, до такой степені не інтересоваться женой! Блондін - это Молчановскій!" :))

Я яму пераказала :).

чытаюць-чытаюць:)