?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
курыца не пціца, а родас не зусім і грэцыя
кот
veragodna
Калі ў пятым класе я зачытала да дзірак кнігу Куна, я проста марыла паехаць у Грэцыю, каб пабачыць на ўласныя вочы ўсе гэтыя антычныя руіны ды надыхацца паветрам, у кожнай малекуле якога ёсць тлустая кропля старажытнай гісторыі. З тае пары шмат малака было выпіта, і сёлета, нарэшце, я трапіла ў краіну сваёй дзіцячай мары. І ўбачанае на Родасе стала для мяне абсалютнай нечаканасцю.

Перад вамі Ліндас, магчыма, самае "грэчаскае" мястэчка на Родасе - каларытныя белыя дамкі і нават антычны акропаль на гары. Праўда, самі родасцы стараюцца лішні раз не ўзгадваць, што ўсе гэтыя калоны - хаця і прыгожы, але навабуд, прынада для наіўнага турыста, прычым зроблены ў поўнай адпаведнасці з традыцыяй, якой карысталіся рэстаўратары нашага Лідскага замка.



Хаця, калі шчыра, сёе-тое захавалася. Вось, да прыкладу, аўтэнтычныя руіны антычнага тэатра.



Не ведаю, навошта родасцам гэтыя сарамлівыя маніпуляцыі з антычнасцю, калі ім сапраўды ёсць чым ганарыцца. Так, на востраве велізарная (ці не большая, чым на самой Мальце) калекцыя артэфактаў, звязаная з рыцарамі Мальтыйскага ордэна, яны ж гаспітальеры, яны ж іаніты. Гаспітальеры трапілі на свой "востраў руж" пасля таго, як былі выгнаны з Палесціны, пажылі тут пару-тройку стагоддзяў і зноў былі выгнаны, у гэты раз на Мальту (не рыцары, а батаны нейкія, якіх ганяў увесь сярэднявечны свет :).


Лепшы спосаб якасна паглядзець Родас - узяць машыну напракат, што мы і зрабілі, балазе, рух на востраве, у адрозненне ад Мальты-Кіпра, правабаковы. І паколькі #яцяперінстаграмер (гл. ніжэй), то і фотачкі ў допісе будуць вельмі эклектычнымі (звычайнымі і квадратнымі, з адэкватнай колераперадачай і прапушчаныя праз фільтры), даруйце, не прывыкла здымаць адразу на два гаджэты.



Першае, што трэба зрабіць у такой вандроўцы, - вывучыць мапу. Бачыце рэакцыю майго мужа, які высветліў, што на Родасе ўсяго тры дарогі і заблукаць немагчыма.



Як вы ўжо заўважылі, муж практычна не здымаў кепку з надпісам "Беларусь" (і шкарпэткі з вышыванкай :), але эфекту ў папулярызацыі нашай краіны, прынамсі сярод грэкаў, мы не дасягнулі. Двойчы мясцовыя жыхары, даведаўшыся, адкуль мы, перапытвалі: "А гэта дзе?". І, пачуўшы геаграфічныя каардынаты, дадавалі: "А чаму тады вы ведаеце англійскую?" :).

Але вернемся да нашай вандроўкі. Машыну мы заказалі недарагую, хаця і не самую танную, але нам чамусь выдалі даражэйшую і даплаты не патрабавалі. Плюсік ім у карму.

Усё,  мы паехалі ў разведку.  Увечары пакажу.  Аўто чамусь далі даражэйшае за тое,  што мы замаўлялі :) #звандроўкі #угэтусамуюхвіліну #greece

Ужо самі краявіды апраўдваюць траты на арэнду. Вока радуецца! Думаю, Цыцэрон, які ў свой час абраў Родас месцам сваёй добраахвотнай ссылкі, адточваў сваё мастацтва красамоўства менавіта на прыкладзе хараства тутэйшых пейзажаў. Увогуле, цяжка паверыць, што Родас доўгі час быў месцам ссылкі (Гай Юлій Цэзар, Тыберый, ужо згаданы Цыцэрон). Проста жэстачайшыя ўмовы для выгнаннікаў :).



Можна зазязджаць на бязлюдныя пляжы і купацца галышом :).



Аўтамабільныя заторы на дарогах неверагодныя!



Адзіная непрыемнасць - казлы на дарогах. Ніколі не бачыла столькі казлоў, якія перасякаюць двайную суцэльную, могуць рухацца супраць поўсці, карацей, глядзіце самі.

Ніколі не бачыла столькі казлоў на дарозе,  як у Грэцыі :)) #звандроўкі  #greece

Прычым родасцы-аўтамабілісты турыстаў акуратна прапускаюць (хто хоча звязвацца з бесталковымі гасцямі выспы), хаця і кіруюцца толькі ім адным вядомымі правіламі дарожнага руху.

Хаця... Добра, пакажу. Уздоўж дарог стаяць такія маленькія цэрквы. Даволі шмат, усе розныя, некаторыя нават вельмі сімпатычныя. Аказалася, так грэкі адзначаюць месцы аварый. У нас - крыжы, на Мальце - гранітныя помнікі, накшталт такіх, якія ставяцца ў нас на могілках. А тут - архітэктурныя кампазіцыі.




Мясцовая флора таксама часам непрадказальная.

Ніколі не раней не бачыла ў дзікай прыродзе такіх дзіўных кветак.  #flora #nature #greece

Ведала б ты, Ала, што зараз фатаграфуеш. Аморфафалус (прасцігоспадзі) гіганцкі! Цвіце ён яшчэ страшней, можаце пагугліць і зразумееце, за што расліна атрымала такую назву.



Гіганцкія на Родасе і конікі. Коні, а не конікі. Непрыемна ўбачыць такога суседа ў рэстарацыі.

Конікі тут рэальныя коні :). Шклянка для параўнання. #greece #animal

А вось цэрквы на востраве, наадварот, малееенечкія і акуратныя. Асабліва калі ўспомніць мальтыйскія гмахі храмаў, якія будаваліся так, каб бачны былі з Сіцыліі па меншай меры :). Гэтая царква святога Стэфана - тыповы прыклад мясцовага культавага дойлідства. Грэкі праваслаўныя, але ў іх цэрквах, як і на Кіпры, можна сядзець, бо легенда распавядае, што нехта з рэлігійных мудрацоў калісьці заўважыў: "Калі чалавек дзве гадзіны слухае службу на нагах, то ён думае не пра Бога, а пра свае ногі". Залатыя словы!


На невялікай па памеры выспе (79Х38 км) каля 200 манастыроў. Адзін з самых вядомых - Цамбіка з нейкай амаль ювелірнай беласнежнай званіцай.



Побач з манастыром расце дрэва, якому, кажуць, 1500 гадоў. Машча!

Кажуць,  гэтаму дрэву 1500 гадоў.  Цяпер я для параўнання :) #звандроўкі  #greece

Што мяне рэальна ўразіла ў пейзажы - гэта зімовыя рэкі. Дакладней, летнія рэчышчы гэтых рэк. Вось тут я стаю на мосце, а пада мной сухое дно ракі памерам, як мінімум, з Сож. І такіх сухіх рэк на востраве процьма.



Тыповым, хаця і не такім экзатычным, як зімовыя рэкі, элементам родаскіх краявідаў з'яўляюцца ветракі, што не дзіўна. Помніце, раней я ўсё нахвальвала Кіпр за наяўнасць бесперапыннага свежага брызу нават у самую спякоту? Забудзьце :). Родас - вось яна, тэрыторыя прахалодных вятроў, што робіць клімат улетку неверагодна камфортным. Увечары я паспявала нават змерзнуць.



А гэта месца, дзе вятры не проста прысутнічаюць - валадараць. Некалькі разоў я думала, што мне ветрам адарве галаву, але зносіла толькі кепку, якую я нацягнула на самыя вушы. Гэта мыс Прасанісі - пацалунак двух мораў. Бачыце, злева - Міжземнае, справа - Эгейскае.  Так-так, нягледзячы на больш чым сціплыя памеры вострава, яго амываюць воды адразу двух мораў, розных па характары, колеры і нават тэмпературы вады.



Сапраўдны рай для сёрфераў, кайтараў і іншых ветразёраў. Прыязджаюць кампаніямі і сем'ямі, жывуць месяцамі, бачыце фургончыкі? Мясцовыя гатэлі перапоўнены. Ліха ганяюць і дарослыя, і дзеці. Але купацца побач з імі (і першымі, і другімі) боязна, раптам прышыбуць.



Гасцінны гаспадар тамтэйшай таверны. Дакладней, сын гаспадара, бацьку я ў інстаграме паказвала.



Пасля Прасанісі дарога вывела да Эгейскага мора. Вось так каціш па ўзбярэжжы і разумееш, што, ой, не там нарадзілася Афрадыта, не там.



Двухметровыя хвалі, нягледзячы на прывабную бірузовасць, не нарадзілі, аднак, у маёй душы жадання акунуцца. Хаця побач нейкія дзікія турысты скакалі па хвалях. Стратэгія замяшчальнай тэрапіі прымірылася з годнай заменай купанню - фотасесіяй.



Акіян, а не мора. Псіхованае, але звышпрыгожае.



Паколькі ў свеце ўсё ўраўнаважана, у хуткім часе мы заехалі ў дэкарацыі да фільма жахаў. Кіламетры, кіламетры выпаленай тэрыторыі.



І самае парадаксальнае, што сярод гэтага папялішча стаяць жывыя некранутыя вёскі. Дзіва нейкае. Мясцовы жыхар патлумачыў: "У нас кожны год гарыць. Сёлета пажар быў невялікі, усяго тры дні гарэла. А вось чатыры гады таму два тыдні не маглі патушыць". Тут, як нідзе раней, я яскрава адчула значэнне фразы "чалавек прывыкае да ўсяго".


Вось гэта я разумею - месцазнаходжанне. Крэпасць Маналітас (15 стагоддзе), пабудаваная гаспітальерамі, была самай магутнай цытадэллю сярэднявечнага Родаса. Па-мойму, яе рэальна захапіць было немагчыма, хіба толькі разбамбіць з самалётаў :).


Максімальнае набліжэнне.



Подступы да крэпасці і сёння непрыступныя, бо ахоўваюцца суворымі вартаўнікамі.




Насамрэч уладальнікі гандлёвых кропак на аглядавай пляцоўцы карыстаюцца такім піяр-ходам, каб прыцягнуць турыстаў. Козачка Джынджы, да прыкладу, рэкламуе мясцовае віно, алей ды хваёвы мёд (вы чулі пра хваёвы мёд?).



А штовечар мы былі заняты звычайнымі блогерскімі справамі #яжцяперінстаграмер :). Муж хоць і падсмейваўся з мяне, але рэдагаваў усе здымкі і подпісы.

Самая лепшая карціна на сцяне з усіх гатэляў,  дзе я была :). Не,  не падумайце,  на мора мы таксама хадзілі,  ды не было сілаў здымаць.  #звандроўкі  #greece #угэтусамуюхвіліну

А тут мяне злавілі на месцы злачынства: я пайшла правяраць паведамленні ў тэлефоне, які пакінула зараджацца на падлозе бара. Пахвалілася сваёй залежнасцю, называецца. Хаця там - інстаграм. А тут - жж. Як сказаў Эзоп, "тут - Родас, тут скачы" :).




Курыца - ня птіца, а бліны - ня піцца.
:)

Цудоўны травэлог! Дзякуй!

А аўтапракатчыкі - дакладна нашчадкі рыцараў: чароўнай даме найлепшую машыну выдалі, ды без даплаты...

Дзякуй! Усё не магла сабрацца з сіламі на справаздачу. Будзе яшчэ частка 2.

А машыну мужу выдалі, не мне :). У мяне правоў няма. На шчасце :).

Дачакаліся :-)
Казлы на дарозе - з'ява масавая. І хочацца працягу, а то неяк сціпленька.

А мне хочацца разгорнутых каментароў, я тры дні ўбівалася з фоткамі :)).

Будзе другая частка, абавязкова. Але я калісьці абяцала не грузіць у адзін допіс больш за 30 фотачак, тут і так на парачку болей. Стараюся трымацца ў межах :).

Перад самым паваротам на аэрапорт у нас сустрэлі лася на дарозе. Не казла :).

Футра купілі? Мятаксу пілі? :-)

Ні першага, ні другога :). О, сумку купіла, і тое толькі дзякуючы Тані ды Петрыку :).

Заўтра прачытаю, а сёньня сіл няма :))

І ў мяне ўжо таксама. Нешта страціла форму, выбіваюць мяне доўгія допісы з фотачкамі :).

Хочацца пабыць адвакатам рыцараў- іанітаў. Іх спадчына засталася ў розных кутках міжземнамор' я да нашых дзён. І сам ордэн існуе дагэтуль. А вы іх "батанікамі" абзываеце. Каб жа БРСМ столькі праіснаваў, як тыя гаспітальеры. :-)

Ну, Вы і параўналі :))). Горш за мяне :).

А сам ордэн сёння - адна назва ад яго, калі шчыра. Гэта я па выніках прагляду перадачы "Орел і решка", сённяшнім лёсам у сур'ёзных крыніцах не цікавілася :).

Супер (акрамя казлоў, яны казлы)!
Ат, як жа мне ў дзяцінстве гаспітальеры падабаліся, ага. Дый нават ужо пасля, калі кампутарная гульня-стратэгія Europa Universalis выйшла, за рыцараў рубіўся :) Усю Еўропу захапіць не патрапіў, але палову Грэцыі, Сербію, Балгарыю, Чарнагорыю - браў стабільна :)

UPD: не тое напісаў спачатку: піва даецца ў знакі, пардон

Edited at 2016-08-08 19:29 (UTC)

Карацей, адпомсцілі за ўсе іх пакуты :). І правільна!

Я думаю, што ссылка насамрэч страшная для тых, хто хоча валодаць светам)
Гм, чамусьці ведала пра цэрквы на месцы аварыі. Відаць хтосьці расказваў.
Аморфафалус пагугліла, то з гэтых фігнюшак такое вырастае велічэзнае?!
Я раней фоткала на два дэвайсы, каб і ў сацсеткі посціць тут жа, і каб потым былі прыгожыя здымкі. Цяпер так не раблю, часу больш ні на што не застаецца))

Чаму страшная??? :))

Не, гэтыя фігнюшкі ўтвараюцца пасля таго, як кветка адцвіла :).

А зараз фотаеце на тэлефон ці фотаапарат?
У мяне праблема, што я нешта забываю засняць на адзін з дэвайсам, а пасля не магу знайсці гэтую фотку.

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

Мне хаужды вельмi сорамна, калi турысты на Родасе ведаюць больш за мяне))) я увесь час абяцаю сабе пачытаць i падвучыць ну хаця б старонку у вiкiпедыi, але я ужо станаулюся мясцовай i па грэчаскай традыцыi адкладваю на заутра))) але вось дзякуючы твайму допiсу ужо сiтуацыя адназначна палепшылася! :)

Родас сапрауды вельмi зручна i лёгка вывучаць менавiта арэндаваушы аутамабiль. Галоунае - знайсцi адказнага за кiраванне :) зрэшты таму i так шмат гэтых аутапракатау. Памятаю, у першы прылёт Эрыка у Менск ён ледзь не у аэрапорце адразу хацеу арэндаваць ауто))) настолькi тут усе прызвычаiлiся. Многiя, дарэчы, працуюць i не у сезон. Кошты нiжэйшыя, але попыт ёсць. Зручна сапрауды.

Хацела яшчэ пра царкву Цамбiкi распавесцi. Увогуле яна для мяне вельмi сакральная. Упершыню я была там на экскурсii, i у той жа дзень (ммм... познi вечар... мм... ноч :) ) пазнаёмiлася з будучым мужам. Ну, а гэтая Цамбiка ж вядомая тым, што жаночыя запыты любiць здзяйсняць. Вядома, я тады свечачку i ставiла з думкай, што хочацца неяк нарэшце нармальнае асабiстае жыццё займець :)
а другi раз я ужо была на Родасе як дома. I прыязджала адпачываць сяброука мая, з якой мы крыху пакаталiся па востраве на арэндавагым аутамабiле. Дык вось тады мая свечачка прасiла дзiця, якое мы хацелi i планавалi. Ну, вось як бы Петрык i не прымусiу сябе чакаць))) i вось як не верыць пасля?))) Боязна трэцi раз ехаць. Што прасiць? Новага мужа?))))) "Нас и тут неплохо кормят"))))

I яшчэ пра беларусау. Сапрауды вельмi мала я сустракала i сустракаю людзей, што ведаюць. Быу адзiн дзед, якi нават сказау: о, Лукашэнка, Мiнск!!! Я была у шоку, шчыра кажучы. Проста вось цiкавы агульны узровень адукацыi. Ок, нават калi апусцiць мiнiмальныя геаграфiчныя веды (Эуропа, ну не Афрыка ж!). То мусiць жа быць нейкая цiкаунасць тым жа агульналюбiмым тэлебачаннем. Час ад часу я чую: так, я ведаю Беларусь, я бачыла на Эурабачаннi. Ок. Плюсiк. Хлопцы праз спорт мусяць ведаць. Прынамсi муж мой ведау да мяне БАТЭ-Барысау))))) хаця ён аматар геаграфii i гiсторыi свету, краiну ведау такую. Але найчасцей рэакцыя такая: на запыт, адкуль я, я адказваю падвойнай назвай (па-грэчаску i па англiйску): Левкоруссiя i Беларус. На што чую: аааа Руссiя!)) Ну што ты будзеш рабiць. Зрэшты, мне пакуль што не надакучыла рабiць сцiслы лiкбез пра тое, што гэта не Руссiя)))

Мне трэба ў тую царкву! Там толькі ўласная прысутнасць лічыцца? )

А! Iшчэ пра гэтыя вось "домiкi" ля дарог. Сапрауды вельмi незвычайна i сумна.. шмат дзе нават здымкi загiнуушых устауляюць. Як на мяне, дык гэта вельмi дзейсны спосаб папярэдзiць пра бяспеку на дарозе. Я вельмi уражлiвая, дагэтуль вельмi няёмка пачуваюся калi праходжу цi праязджаю побач

а я не разумею гэтую традыцыю ў нас. чаму тады на ўсіх месцах, дзе загінулі людзі, ня класьці кветкі і крыжы ня ставіць? нейкая паганская боязь аўтамабіляў ці што...

Як жа здорава бачыць і чытаць Вашыя справаздачы!
Цікава, што Родас такі розны і адрозны ад маіх пра яго ўяўленняў)
А мора якое з двух лепшае?
Што пілі-елі? (што самае-самае было)
Карацей, чакаем яшчэ і яшчэ!



Дзякуй! І я рада Вас бачыць :).

А што прынцыпова адрозніваецца ў нашых уяўленнях?

Пра мора. Хто што любіць. На Эгейскім заўсёды хвалі, але яно нашмат прыгажэйшае. Міжземнае амаль заўсёды спакойнае. Тэмпература вады мне падалася аднолькавай.

Мы па тавернах не надта цягаліся, бо бралі ўсё ўключана. Але ў гатэлі традыцыйнай грэчаскай ежы хапала. Мужу тайбольш пастыцыя спадабалася. А я дык іх соўс з агурком люблю (тцадзікі). :)

Так, напішу яшчэ другую частку :).

Так цікава! І мора вельмі прыгожае.


Толькі я не зразумела пра зімовыя рэкі - тобок летам гэта сухое рэчышча, у ўзімку яно напаўняецца вадой?


Дзякуй :).

Так, узімку яны паўнаводныя. Уяўляю, які прыгожы Родас вясной, ммм...

Мора вельмі прыгожае! Кветка таксама :) І казлы мілыя :))
Муж - во дзе сапраўдны рыцар, бо апрацоўвае жончыны фоткі для інстаграма!

Я ў сваім амплуа: мне больш за ўсё падабаюцца фота з людзьмі, пажадана знаёмымі. Трэці здымак зверху, дзе ты схавалася, вельмі падабаецца. І рэакцыя Дзімы на тры дарогі найшчырая. :))

Наконт ветраў... Прыгадваю свой пабыт на паўночным моры і таварышаў, якія на кайтах лётаюць. Вецер дык вецер там. Так што ўяўляю. :)))

Да, я помню :)). Табе падабаецца мая справаздача ў інстаграме :)).

Воось, я хацела запосціць фотачку, як Дзіма бегае за маёй кепкай, вылоўлівае яе ў моры, але ўжо аб'ём перабрала.

кони, а не коники, насмешили:) тоже не люблю, когда такой конь прилетает вдруг откуда ни возьмись:)
и как много там этих аморфофаллусов понатыкано в земле:)) в смысле, это они так растут, но такое впечатление, что их натыкали там для красоты или устрашения окружающих:)

Толькі конікі рэальна вялікія, у нас такіх няма :).

Гэтыя кветкі-ягадкі ў рэальнасці сапраўды выглядаюць як штучныя, нават пластылінавыя. Я пабаялася іх у рукі ўзяць.