?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
вандроўка па гомельшчыне. мазыр і тураў
кот
veragodna
Мазыр сустрэў нас неверагоднай спякотай - градусаў 35, як мінімум, што ў спалучэнні з дзікімі абрыкосамі, якімі была  шчодра засыпана ўся новаспечаная брукаванка, стварала поўную ілюзію таго, што Беларусь, падтаўшы, як марожанае, спаўзла па мапе далёка на поўдзень.



Пачалі мы агляд з Даліны Анёлаў, дзе знаходзіцца барочны касцёл Святога Міхаіла Арханёла пры манастыры цыстэрцыянак (1743 - 45) - так званых белых манашак - і дзе адзін мясцовы анёл загадзя чакаў нашу няўрымслівую групу.  І пакуль vital_rudak хаваўся ад нашэсця турыстаў-авантурыстаў на працы, яго жонка Наталька kiedy аддувалася за дваіх і пагадзілася быць нашым персанальным гідам.




Група слухала з цікаўнасцю, задавала пытанні. Вунь, бачыце, канспектуюць лекцыю?
Гэта вельмі файна, калі пра славутыя мясціны горада распавядае яго жыхар. Даведваешся шмат такой інфармацыі, якой не знойдзеш у афіцыйных крыніцах.



І пра актыўны ўдзел мазыран у паўстанні 1863 года, і пра ўніверсітэт імя індывідуальнага прадпрымальніка (І.П.) Шамякіна, і пра тое, што на аднаўленне галоўнага гарадскога сабора, былога манастыра бернардынцаў (1645), калісьці ахвяраваў грошы сам Мураўёў-вешальнік.

Праўда, убачыць сабор нам не ўдалося, ён, як Гюльчатай, прыкрыў усё лепшае каляровымі слонікамі. Але паверце, ён прыгожы.
Між іншым, гісторыя храма ўражвае. Па злой іроніі за савецкім часам ён стаў галоўнай турмой Палескай вобласці, у сценах якой было вынесена больш за 2000 смяротных прысудаў. Колькі стогнаў пакутнікаў чулі гэтыя сцены, і ўявіць немагчыма. У памяць пра іх у крыпце сабора зараз знаходзіцца адзіны ў Беларусі (!) храм-музей палітычных рэпрэсій.




Самы незвычайны мазырскі храм - царква святога Мікалая (пач. 20 ст., канструктывізм), вядомая ў народзе пад назвай "Праваслаўны ДТСААФ", ролю якога і выконваў гэты будынак да перадачы яго вернікам у 1993 годзе.



У гістарычным цэнтры Мазыра шмат атмасферных старых будынкаў.



Калі не звяртаць увагу на пластыкавыя вокны, то чым вам не вулкі Прагі, да прыкладу?



Рушым да гары Спаскай, дзе размяшчаецца Мазырскі замак, равеснік брукаванкі з першага фота, 2005 года нараджэння.

Па дарозе звяртаем увагу на дэталі.
Шыльда. Прыхадзі ка мне лячыцца і айцішнік, і айціца.



Крэатыўная паштовая скрыня.



Пярэваратні супраць вампіраў. Беларуская версія.



Не, я ведала, што замак - фэйк, але ж не да такой ступені. Карацей, не хадзіце, дзеці, у замак той гуляць. Дакладней, дзеці якраз і хадзіце. Дзецям спадабаецца. Па сутнасці, замак - гэта пляцоўка для гульняў, прычым уваход на яе платны. Дакладна не помню суму, але за магчымасць фатаграфаваць трэба даплаціць 40 тысяч і яшчэ столькі, па-мойму, за відэаздымку. Мы не сквапнічалі, бо верылі ў лепшае.



Не ведаю, уваходзілі шахматы ў цану квітка ці не, удакладняць ужо не хацелася, таму што мы здуру ў такую спякоту не ўзялі з сабой з машыны ваду (была толькі адна маленькая бутэлечка на ўсіх, якая імгненна скончылася). Вопытныя падарожнікі, блін. Карацей, жаночай палове па чарзе станавілася кепска: у кагосьці падскочыў ціск, я, паступова ператвараючыся ў крэветку на патэльні, паставіла сабе дыягназ "цеплавы ўдар". І мы проста марылі хутчэй выйсці адсюль.



Амаль цацачная царква ў замкавым двары не працуе на пастаяннай аснове, але тут можна замовіць літургію ці вянчанне.



Паколькі замак - гэта адкрытая пляцоўка Мазырскага краязнаўчага музея, то найменш каштоўныя экспанаты можна ўбачыць і ў двары.
"Спадар лось, як Вы можаце пракаментаваць Ваша перасяленне з цёплага будынка музея ў гэты свіран?"



Адзінае, што спадабалася ў замку, - аглядавая пляцоўка, адкуль адкрываецца цудоўны краявід.



Калі мы дабраліся да культавага ў блогерскім асяроддзі месца ў Мазыры - славутай "Кімбараўкі", то стомлены сонцам і знесены ветрам народ прагнуў толькі аднаго - ВАДЫ!!! Таму медавуху ды крамбамбулю вырашана было ўзяць на вынас і пакаштаваць увечары. Мікалаю ІІ наўрад ці гэтыя мазырскія трункі дастаўлялі з Беларусі раней за вечар, так што мы зрабілі па-царску.



Развітваемся з Наталькай, дзякуем ёй за экскурсію, перадаем прывітанні Віталю і Сырніку (Віталь і Сырнік, атрымалі? Дзе фотадоказ? :) .
Маючы твар колеру запечанай крэветкі, я не прыдумала нічога лепшага, як закрыць яго акулярамі.



З адказным за надвор'е ў нябеснай канцылярыі рабілася ў той дзень нешта невытлумачальнае, бо, не паспеўшы ад'ехаць ад гарачага Мазыра,  мы трапілі ў шчыльную сцяну ледзянога дажджу.



Тэмпература падала з такой хуткасцю, што парушала ўсе магчымыя правілы дарожнага руху.





За паўтары гадзіны ад 35 градусаў засталася палова. І мы, толькі нядаўна паміраючы ад спякоты і задухі, нацягнулі на сябе ўсе цёплыя рэчы, якія бралі з сабой.



Лівень то заканчваўся, то пачынаў грукатаць з новымі сіламі, і тут мы паламалі машыну :). Так, мы любім ламаць машыны ў падарожжах, як вы заўважылі. Але ў гэты раз ніхто не вінаваты - яно само зламалася, чэснае слова. Пакуль мужчыны рамантавалі паветраны фільтр з дапамогай інтэрнэта (раскажыце гэта майму дзядулі),



жанчыны карэкціравалі экскурсійную праграму, бо мы даўно выбіліся з графіка. Давялося ахвяраваць глушкавіцкімі каменнымі кар'ерамі *выцірае скупую жаночую слязу*, хаця мы былі рашуча настроены іх наведаць: і неабходныя дакументы для памежнай зоны зрабілі, і пошліну загадзя заплацілі, а тут нА табе - з-за рамонту дзве з паловай гадзіны кату ў латок.

Хто не ведае, кар'еры ў Глушкавічах - унікальны для нашай краіны ландшафт, адзінае месца ў Беларусі, дзе, цытую, "кристаллический фундамент выходит на поверхность". Карацей, гэта ускраек велізарнай каменнай пліты ва ўзросце 3,5 мільярдаў гадоў (у той час прымітыўныя арганізмы толькі зараджаліся), якая пачынаецца на беразе Азоўскага мора і заканчваецца ў Гомельскай вобласці. Эх...
Фота не маё, адсюль.




Сказаць па шчырасці, на Тураў я асаблівых надзей не ўскладала. Уяўляла сабе тыповую палескую вёсачку з трыма тысячамі жыхароў і бруднымі вуліцамі. А Тураў аказаўся гордым і акуратным гарадком з цудоўнай для свайго памеру інфраструктурай: некалькімі гатэлямі (у тым ліку адным - на вадзе), рэстаранамі-кафэ і цэнтральнай плошчай.  Больш чым тысячагадовае мінулае ды статус сталіцы былога Тураўскага княства не даюць падстаў расслабляцца.


У тыя далёкія часы росквіту Тураў, горад з насельніцтвам у 30.000 жыхароў, называлі другім Іерусалімам за колькасць пабудаваных у ім цэркваў. Розныя крыніцы разыходзяцца ў лічбах - ад 45-ці да 75-ці, але нават самыя сціплыя гіпотэзы ўражваюць. Ды і сёння тры праваслаўныя царквы на 3000 чалавек - гэта нямала.



А шмат вы бачылі гарадоў, у межах якіх (так-так, прама ў горадзе!) пачынаецца біялагічны заказнік? Вось ён, адзін з уваходаў у Тураўскі луг, на якім жывуць і радуюцца некалькі дзясяткаў рэдкіх птушак.



Калі не лічыць гарманічнай кампаніі гусей з буслом, якія абсалютна не перашкаджалі адно аднаму, птушак мы не ўбачылі. Але краявід... Няхай першым кіне ў мяне камень той, хто скажа, што тут непрыгожа.



Пасля даджджу фарбы незвычайныя - вока радуецца.



Пакуль я збіралася сфатаграфаваць дружную кампанію гусебуслоў, бацян адасобіўся і хуткім крокам пашыбаваў у нашым кірунку. Нідзе ў Беларусі я не бачыла столькі буслоў, як на Палессі.



Усясвяцкая царква 1810 года вылучаецца не так фактам сваёй захаванасці (хаця за 200 гадоў яна не мела капітальнага еўрарамонту), як наяўнасцю абраза Мікалая Цудатворцы, што міраточыць і па сёння, і тых самых звышнатуральных каменных крыжоў, якія прыплылі супраць цячэння з Кіева, якія лічацца самымі старымі ў нашай краіне і якія дагэтуль ставяць у тупік нашых вучоных.

А цяпер уявіце наша расчараванне, калі мы высветлілі, што ў супрацоўнікаў царквы з такімі неверагоднымі артэфактамі скарочаны рабочы дзень: з аўторка па нядзелю з 10.00 да 15.00, а пра панядзелак шыльда ўвогуле маўчыць.



Давялося маёй групе паверыць мне на слова.
Падглядваю тэкст, рыхтык школьніца на экзамене - столькі інфармацыі накапала, што не ўсё і запомніла (а яшчэ студэнтаў ушчуваю :).



Адна з самых старых цэркваў Беларусі (1170-я гг.), равесніца Каложы, захавалася толькі часткова, але трапятлівы падыход уладаў да яе далейшага лёсу толькі парадаваў. На ўзроўні Турава гэта ніколькі не местачковы падыход. Зроблена якасна і даволі густоўна.



На маё пытанне пра дзіўнае палажэнне крыжа ў садзе ля гарадзішча цётухна з музея патлумачыла, што стары крыж мяняюць на новы (??)



Гэты стары крыж, значыць, ужо не жылец. Зламала галаву, як яны ўтылізуюць старыя крыжы? Спальваюць? Закопваюць? Грэх жа ў любым выпадку.



Унутры не менш прыстойна. Лёгка прывяла б сюды замежных гасцей, нават не вагалася б. Чырвоны алтар, што вы бачыце ў ніжнім правым куце, не дэкаратыўная аздоба. Раз на год тут праводзіцца служба, і не абы-кім, адгадайце імя з трох разоў :).





Макет старога Турава. Сімпатычна. Іншыя экспазіцыі паказваць не буду (іх шмат, ёсць нават саркафаг, у якім, па некаторых версіях, быў пахаваны Кірыла Тураўскі), допіс не гумовы.



Помнік Кірылу Тураўскуму на фоне навальнічных хмар глядзіцца ўнушальна ўдвая.



Яшчэ адзін тураўскі цуд - каменныя крыжы, якія растуць з зямлі. Кажуць, што гэта браты тых самых, што захоўваюцца ва Ўсясвяцкай царкве. Толькі пашанцавала ім менш: калі тыя два бальшавікі ў 30-я гады патапілі ў Прыпяці (не дапамагло, усплылі), то гэтыя былі закапаныя ў зямлю і дагэтуль прабіваюцца на волю. Усяго Кіеў экспартаваў уверх па цячэнні 12 крыжоў, так што чакаем яшчэ, як мінімум, восем цудаў у хуткім часе :).

Вам не трэба блукаць па могілках у іх пошуках, ёсць шыльды-ўказальнікі, усё цывільна. Шкада толькі, што не па-беларуску.



Дайшлі. Месца паломніцтва аформлена абсалютна па-тутэйшаму.



Кожны мае права на ўласныя палітычныя погляды, але тут, тут навошта іх дэманстраваць?



Нарэшце сціплая вячэра. Найбольш назіральны чытач заўважыць дзве пластыкавыя бутэлькі мазырскага паходжання на заднім плане. Купляй сваё! Ужывай сваё! :)



Да вячэры далучыўся мясцовы жыхар, які на крамбамбулю не прэтэндаваў і з галадухі гатовы быў есці агуркі. Дарэчы, па выніках сабака аказаўся няўдзячнай свіннёй, бо, калі мы ў тэмпе збіралі рэчы, спрабуючы вызваліць месца ў прыдарожнай альтанцы іншым прыбыўшым галодным вандроўніам, сабака, убачыўшы, што "власть мяняецца", здрадліва і злосна стаў на нас брахаць. Вось недарэмна я люблю катоў :). Кот пачуццю ўласнай годнасці і прыязнасці да ўпадабанага чалавека проста так не здрадзіць. Бо гонару зашмат, даражыць кот сваёй рэпутацыяй :).



Начавалі мы з шыкам. Жлобін. Гатэль без зорак.



Але, навучаная Ленай Лятучай ды сваімі вандроўкамі за мяжой, тры зоркі я б яму дакладна прысвоіла. Колькасць ручнікоў заўважылі на дваіх?



Праўда, з густам у нашых гатэлях бяда. Усё ж такі давядзецца пісаць пост пра карціны ў гатэлях розных гарадоў Еўропы :)



PS Я гэта здзелала!! :) Я напісала другую частку ў чэрвені. Оў-ёў!! Усяго трі платья чатыры часткі засталося.


...

Віншую з напісаннем))) А я б у кар'еры паехала, ыыы... Асабліва як дакументы ўжо зрабіліііі...
Карціны так, у нас жахлівыя вешаюць.

З рэдкімі лакунамі ў чэрвені :). Дзякуй!

Як я хацела ў гэтыя кар'еры. Як я хацела ў гэтыя кар'еры! Гэта настолькі нетыповае месца для Беларусі. Але ж калі ты ў кампаніі і трэба карэкціраваць (рэальна) маршрут, то што значыць тваё жаданне...

Вось мастак правільна адгукнуўся :). Нават маё пачуццё эстэтычнага абражана :)).

а кимборовка - всё

Гэта фсё, згодна :). Мы ж яе не праігнаравалі, не парушылі святое для блогера. Не? :)

Вельмі цікава і весела.
Мне очень нравится, как вы пишите.

Дзякуй! :) Не перажывайце, я і па-руску чытаю. А тое некаторыя мае сябры пішуць асабістыя паведамленні, маўляў, я б пракаментаваў, ды па-беларуску не ўмею. Не праблема :).

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

Тураўскія сабакі да гуркоў прывучаныя:)

Не ад добрага жыцця пачнеш есці ўсё, што даюць. Але тураўскія сабакі - няўдзячныя і вераломныя :).

Вельмі насычаная і цікавая ў Вас праграма была.

У Мінску,між іншым, буслы таксама актыўна шпацыруюць: http://citydog.by/post/zaden_aist/?utm_source=citydog.by&utm_medium=front&utm_campaign=news_widget

http://kaktutzhit.by/news/shabany

І гэта яшчэ далёка не канец. З папярэдніх допісаў толькі адзін пункт патрапіў у топ-3, па версіі маёй групы :).

Дык тое нетыповы бусел :). Сур'ёзна, асноўная туса нашых буслоў на Палессі. Гавару як чалавек, які наведаў на сённяшні момант ужо ўсе вобласці краіны.

Ня ведаю, што сказаць, толькі падзякаваць хачу: вельмі цікава і смешна :) добра вы пішыце!

Дзякуй, што чытаеце! :) І пасля такіх каментароў хочацца пісаць далей, хаця ў мяне падобны допіс забірае суткі.

І гэта ўсё, што вы бачылі ў Мазыры? Цююююююю... :)

Ой, вы таксама "Рэвізорра" глядзіце? І мы, але толькі па тв, калі прыпадае, а так збольшага на ют'юбе ўкраінскі арыгінал - "Рэвізор".
Вандроўка цудоўная! У найлепшых вашых традыцыях - з максімальна насычанай культурнай праграмай :)
Прыпяць у Тураве проста шыкоўная!

Так, гляджу, калі гатую вячэру :). Я помню, Вы мне расказвалі пра ўкраінскі варыянт. Рускае тв увогуле шмат злізала з ураінскага - "Тата на хата", "Взвешенные люді" (не помню, як па-ўкраінску) і г.д. Не паверыце, я нядаўна падключыла белрускае тв, бо рускае занадта агрэсіўнае (у мяне талерка), і цяпер нават ад навінаў атрымліваю асалоду :)).

Тураў - сам шыкоўны, не толькі Прпыяць! Сказаў бы мне хто-небудзь гэта год таму - не паверыла б :).

"Я гэта здзелала!"
Ура! )))
__________
Очень интересно, спасибо!

Теперь сижу вот, хочу домой... :)

:)
Наташ, а ты адкуль? Я нешта забыла. Мне здавалася, з Гродзеншчыны, не?

Гарачы і цікавы допіс :)

А з вас хоць ікону пішы :)


:) Мы ж храмы ў шортах ды міні-спадніцах не наведваем. Гэта мой дарожны набор для ўваходу ў культавыя будынкі :).

Ала, праз пару гадоў ты, як у замежныя гатэлі кнігі, так у беларускія будзеш вазіць карціны. :))))

:)) Не, я пакуль не саспела для гэтага. І ў Еўропе, як правіла, дызайнеры маюць лепшы густ. А вось у Жлобін у наступны раз варта прывезці хаця б малюнкі маіх сяброў. Афеліі 666, да прыкладу :).

Зусім іншае ўражанне ад гэтага паста! Нешта мяне ад папярэдняга такой дэпрэсіяй накрыла (((
А тут нібыта ў іншых рэаліях людзі жывуць.

На здымку, дзе "растучы" крыж - уся сутнасць народнай рэлігійнасці.

Каб не напісалі, што гэта жлобінскі гатэль - падумала б, што нешта замежнае. Я, праўда, апошні раз ночыла ў раённым гатэлі год пятнаццаць назад, але не думаю, што за гэты час паўсюль адбыліся падобныя змены.

Мяне таксама дарэчы гатэль не здзівіў, акрамя карціны там усё ну... не горш за бізнэс-гатэль у Амане напрыклад. А то і лепш, падазраю большую плошчу, чым у той каморцы) Ці цэнтравы гатэль Барсы ў турыстычным квартале, там нават вакна не было, аааа!)))))

Аж пачырванела, калі ўбачыла свой здымак кар'ераў і надпіс "адсюль". Карыстайцеся без абмежаванняў і ссылак:))

:) Сорам, я чытала Ваш допіс пра кар'еры, але не ўспомніла, што гэта Ваш здымак. Але ён насамрэч адзін з самых лепшых! Я пагугліла здымкі кар'ераў і вырашыла, што гэты найбольш яскрава іх рэпрэзентуе :).

Дзякуй за цікавы аповед, так захапляльна пішаце, што я выразна ўсё уявіў, нібы сам праехаўся з вашай групай:)

А што вы хацелі ад сабакі, пачаставаўшы яго толькі агуркамі? Не каб прывезьці якую кілаграмовую ялавічную костку! А то агуркі, знайшлі ежу :)

Дзякуй вялікі :).

Сабака з нашай ласкі налупіўся каўбасы ды мяса, між іншым. Няўдзячная істота :).
Больш за тое, нашы сябры пахавалі свайго сабаку паўгады таму і, зачараваныя спачатку абаяльнасцю гэтага падхаліма, ужо напаўжартам-напаўсур'ёзна пачалі размовы пра тое,каб забраць яго з сабой. А тут такое...