?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
вандроўка па гомельшчыне і магілёўшчыне. дзень першы
кот
veragodna
Існуе такі распаўсюджаны стэрэатып, што на ўсходзе нашай краіны няма амаль нічога цікавага. Таму рэдкі сталічны падарожнік-краязнаўца даязджае на нашых краёў. У наступнай серыі допісаў я паспрабую хоць у нейкай ступені зменшыць ваш скепсіс, сябры.

Ёсць на Гомельшчыне, у вёсцы Барысаўшчына, рэшткі каларытнай сядзібы пана Ястржэмбскага сяр. 19 стагоддзя, пазнавальнай па вось гэтай 18-ціметровай воданапорнай вежы.



Да сядзібы вядзе шыкоўная нават у стане сваёй недагледжанасці векавая ліпавая алея, хаця гэта ледзьве не ўсё, што засталося ад парка, тэрыторыя якога ў 18 га калісьці была засаджана экзатычнымі дрэвамі. Кажуць, што расліны вымерзлі ў час Вялікай айчыннай, але паспелі насеяцца самасевам, і таму флора тут адмысловая.




У брэжнеўскія часы ў вежы быў нязвыклы для сельскай мясцовасці шматкватэрны дом, дзе жылі лепшыя будаўнікі камунізму. Проста наш адказ "Квартірному вопросу". Прычым дом быў са сваім кінатэатрам, хаця ацяпляўся з дапамогай грубак і буржуек.



Зараз на будынкі комплекса без слёз глядзець немагчыма, а калісьці Ястржэмбскія, вядомыя сваімі дзівацтвамі (прычым як бацька Фелікс, так і сын Мікалай - другі ўладальнік маёнтка), любілі эксцэнтрычна дэманстраваць сваё багацце.



Ды і ўвогуле дурныя выхадкі любілі: то сялян карміць з начовак тварагом ды сырам, рыхтык свіней, то пужаць сваіх падначаленых роварам. Урэшце, застрэліўшы ўласную жонку, Мікалай, баючыся пакарання і спрабуючы прадэманстраваць сваю невінаватасць, зладзіў пышнае пахаванне, зрэзаў у ружоўніку ўсе ружы, якія пад ногі працэсіі на працягу ўсяго шляху да могілак кідалі дзеці.



Цікава, што пасля смерці гаспадароў з іх целамі таксама абышліся не па-людску. Пасля разрабавання пахавальнай грабніцы Ястржэмбскіх мясцовае савецкае начальства пачухала патыліцу... і вырашыла пажывіцца рэшткамі таго, што не скралі рабаўнікі - трунамі! Нябожчыкаў (ці тое што ад іх засталося) пераклалі з цынкавых трунаў у драўляныя, а цынкавыя перарабілі на вёдры для фермы.



Пажар, як бачна, быў тут зусім нядаўна. Карацей, супярэчлівыя пачуцці выклікае ўсё ўбачанае.



Затое добра захаваліся стайні ды свінарнікі, з-за якіх не так даўно разгарэўся скандал у СМІ.



Абяцаных экзатычных фіялак - нашчадкаў колішніх арыстакратычных жыхароў аранжэрэі - мы не знайшлі, але зараснікі крапівы там магутныя - у чалавечы рост. Паўздыхалі мы над страчанай спадчынай і рушылі далей.



Пешаходы Гомельшчыны часта парушаюць ПДР.



А вы кажаце, пальмы з пластыкавых бутэлек - трэш.



Вуліца Дзедава. Адгадай з трох разоў, дзе працуе гэты дзед.



Прычым дзед з ярка выражанай настальгіяй па савецкаму жыццю.



Нарэшце Юравічы. Зараз гэта невялікая вёска, а тысячагоддзе таму тут быў мегаполіс Межымосце (Відомічы, Юр'еўград), што, як сцвярджаюць спецыяльна абучаныя людзі, знік з мапы па невядомых прычынах. Я не жартую пра мегаполіс, у параўнанні з тагачасным Менскам ён быў большым удвая.
Добра, хоць пабудаваны ў модным для свайго часу (1726 - 46 гг.) стылі барока касцёл пры манастыры езуітаў захаваўся.



Калі манахі падтрымалі паўстанне 1863 года, будынак перадалі праваслаўным. Зараз царква рэстаўруецца. Месцамі някепска захавалася мазаіка. Але гэта не той славуты абраз Юравіцкай Маці Божай Міласэрнай, вакол якога, па сутнасці, і збудавалі храм і на рахунку цудаў якой ёсць нават уваскрэсенні з мёртвых.



З сапраўднай іконай звязана амаль дэтэктыўная гісторыя. Яшчэ ў 1885 годзе, імкнучыся ўратаваць абраз, жонка маршалка Рэчыцкага павета Габрыэля Горват перадала яго езуітам Кракава, узяўшы з іх пісьмовае абяцанне, што яны вернуць ікону ў Юравічы. Думаеце, вярнулі? Вось табе і вернікі-хрысціяне. Ці чужую ікону прысабечыць не грэх?
У Юравічах зараз толькі копія, захоўваецца вось у гэтым будынку, былых класах калегіуму.



І, відаць, гэтая гісторыя мяне насамрэч узрушыла, бо пакуль я перад уваходам палымяна пераказвала яе сябрам, мая аўдыторыя павялічылася ўдвая. І мінакоў не збянтэжыў нават той факт, што я замест мікрафона гавару ў бульбіну на палачцы ад сушы :). Вось з такой бы ўвагай студэнты мае лекцыі слухалі!

Уваход у галоўны будынак зачынены. Але хіба могуць краты спыніць нашага чалавека? Краіна волатаў.



Паколькі бацюшка назіраў за працэсам пранікнення наведвальнікаў даволі абыякава, мы вырашылі таксама хаця б зазірнуць унутр.



Шчыра кажучы, глядзець там пакуль няма чаго,



бо ўвесь храм застаўлены рыштаваннямі, па якіх лазяць дзеці (не нашы - чужыя, сваіх мы не пусцілі) і найбольш аванцюрныя дарослыя.



Магчыма, самае лепшае, што там можна сфатаграфаваць, на гэтым здымку.



Пакуль збіралася група, мы агледзеліся, бо храм стаіць на высокім узгорку, з якога можна ўбачыць Мазыр, а да яго, на хвіліначку, адсюль 20 км.
Лавачка імя Жанны.



Перасцерагальны знак. Калі не ўлічыш верхні, будзе тое, што з ніжнім.



Знак, дарэчы, не падманвае. Кажуць, што нават узгоркі Мазыра ды Навагрудка прайграюць Юравіцкім па вышыні і крутасці (прычым у прамым і пераносным сэнсе слова).



Юравічы - гэта і самая старая вёска ў краіне, па сутнасці, ёй зараз 26 470 гадоў (плюс-мінус 420 гадоў). Яшчэ ў 1925 (па іншых версіях 1928 і 1929-м) годзе юравіцкія дзядзькі выпадкова натрапілі на косткі маманта і, не знайшоўшы ім прымянення ў гаспадарцы, аднеслі іх мясцоваму настаўніку Юліяну Попелю, які, па  шчаслівым супадзенні, аказаўся навукоўцам. Так пачалася гісторыя вывучэння самай старажытнай стаянкі чалавека (краманьёнца) на тэрыторыі Беларусі. За такое сенсацыйнае адкрыццё ўдзячныя бальшавікі, як тады часта бывала, Ю. Попеля расстралялі.

А косткі маманта, быка, пясца і іншых першабытных жывёлаў і зараз знаходзяцца ў мясцовым школьным музеі - самым багатым школьным музеі краіны.



Рушымся, брацця, хутчэй... Наверх не так і лёгка.



Калі б мне паказалі гэтае фота, я б настойвала, што знята яно ў гомельскім парку.



Праўда, засмечанасць яўна не гомельская. Якія спартыўныя алкашы пайшлі, аднак. Ты паспрабуй яшчэ забярыся на гэтую вышыню.



На месцы стаянкі яшчэ нічога няма, але караскаліся недарэмна. Панарама - дух захоплівае!



Амаль усе дайшлі. Разлічваемся на першы-другі. Трохі ніжэй вядуцца нейкія будаўнічыя работы, каб зрабіць стаянку першабытнага чалавека больш прыцягальнай для турыстаў. Але нам і так спадабалася. Усё, уніз!



Каля стаянкі цікавы экспанат - Ленін разборны, шматфункцыянальны. У залежнасці ад маштабу мерапрыемства можа быць прадстаўлены бюстам, верхняй часткай цела ці прысутнічаць цалкам :).



Едзем далей.
Няма кандыцыянера не бя-да!



Наперадзе чакаў Мазыр у асобе Наталькі kiedy, не хацелася яе напружваць сваімі харчовымі праблемамі (я цаню сваіх сяброў!), таму вырашана было падсілкавацца. Дарога вывела нас да нейкай маляўнічай аграсядзібы, і гаспадары гасцінна дазволілі нам размясціцца на гадзіну-другую на яе тэрыторыі.



Праўда, мы не сталі нахабнічаць і займаць альтанкі - усё свае возім з сабой. Абедзенны столік у працэсе зборкі.



На пах каўбасы прыйшоў госць.



На гэтай аптымістычнай ноце і завяршаю допіс. Спадзяюся, у мяне хопіць сіл і часу напісаць працяг :).




Аптымістычная нота выглядае вельмі апетытна :))

Асабліва рэшткі ўчарашняга шашлыка :).

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

Файны аповед! Асабліва спадабалася гістарычная частка пра пана, пра абраз, дый ўсе фоткі цудоўныя! Чакацьму працяг!

Дзякуй! :) Калі мае дыпломнікі будуць і надалей мяне так падстаўляць (сёння не прынеслі работу, і дзень вызваліўся), то, можа, і атрымаецца. Такія справаздачы заўсёды адбіраюць шмат часу :).

Ды якое там цярпеньне? Што Вы думаеце, што я перажываю, калі на адной старонцы нешта не разумею? Зразумею нешта на іншай:)

Маё захапленьне іншаземнымі мовамі пачалося, відаць, зь першае паездкі ў Турцыю гадоў мо 12-15 таму (хоць і ў школе я крыху ўмеў па-польску, бо мае дзед з бабкаю па мячы былі польскамоўнымі беларусамі, мог крыху па-літоўску, бо ад Астраўца недалёка Вільня і туды штомесяц маці накіроўвала па кілбасы і па мяса, дый у нас цягнула літоўскае тэлебачаньне, а каналаў спачатку было толькі 2 - Масква і Вільня, а калі дзіцяці хацелася паглядзець мульцік, то прыходзілася глядзець і па-літоўску). Але гэта адступленьне. У Турцыі каля Аланіі я пазнаёміўся зь дзяўчынаю з Масквы, якая ўмела размаўляць па-турэцку. У мяне ўзьнікла зайздрасьць, захацелася навучыцца і самому. У гэтай дзяўчыны быў падручнік-самавучак турэцкае мовы, я пазычыў на дзень, зрабіў кучу выпісак і пачаў камунікаваць прымітыўнымі фразамі з афіцыянтамі штодзень лепей. Як выявілася пазьней, тая масквічка прыязджала ў Турцыю неўпершыню да свайго турэцкага сэксуальнага партнёра, таму яна размаўляла лепш ад мяне, але на наступны год я падрыхтаваўся, купіў свой самавучак і ў Кемеры ўжо размаўляў лепей. Канечне ж, нешта без практыкі забываецца, але вось мінулым летам езьдзіў у Фенер, нейкія веды турэцкай яшчэ засталіся ў галаве, як выявілася, дый лёгка прыгадваюцца, і лягчэй завучваецца нешта новае.

Пасьля я купіў самавучак арабскай мовы і ў Егіпце крыху практыкаваўся і зьдзіўляў афіцыянтаў, мэнэджара гатэлю і крамнікаў, а ў Грэцыі адпаведна практыкаваў грэцкую мову, але гэта ня значыць, што я добра размаўляю, я ведаю нейкія азы толькі:) А калі ведаеш пару словаў у адной мове, пару ў другой, то аніякая іншая мова ня страшная, тым больш паспрабаваць прачытаць, я ж не на іспыце, мне двойку ня ўлепяць:)

Edited at 2016-06-04 20:17 (UTC)

:)) Удвая заслужылі маю павагу!

Значыць, Вы вельмі адораны да моваў. Я, здавалася б, таксама, але больш за дзесяць слоў на мове краіны, у якую еду, так і не вывучыла (дарэчы, у Фінляндыі ўсяго два :)).

Абалдзенная гісторыя! Нават зайздрошчу па-добраму :).

Абавязкова пішыце, бо я, бы той слухач ля царквы, слухаю з захапленнем!

:) Дзякуй вялікі! Пастараюся змясціць, ужо амаль год мінуў, а я ўсё часу не магу знайсці, ніпарадак :).

Так цiкава распавялі! Дзякуй! (Захаваю сабе, можа і мы туды некалі даедзем).

Дзякуй! З'ездзіце, не пашкадуеце, запэўніваю. Але самае цікавае (прынамсі, тое, за што прагаласавала мая група) яшчэ наперадзе :).

Цудоўна! Дзякуй, не ведаў, што там такія горы! Трэба наведаць. Абавязкова працягвайце апавядаць пра вашы падарожжы, бачыце, колькі людзей чытае!

Справаздачы з падарожжаў якраз чытаюць менш за гісторыі пра коцікаў :). Але тут ужо справа гонару. Малую радзіму трэба паказаць :).

Убачыла, што ўзгаданы мой нік і падумала "О Богі, Мазыр! Нарэшце!" А фіглі))

У наступнай частцы Мазыр :).

наконт костак маманта узгадалася зацемка з часопіса "Наш край" за 1926 год:

Клас! Цікава. У Юравічах каля 10 мамантаў выкапалі.

Очень интересная экскурсия. Спасибо огромное!

Вам дзякуй, што прачыталі!

(Deleted comment)
Буду рада, калі мае допісы заахвоцяць Вас наведаць наш край :).

(Deleted comment)
(Deleted comment)
(Deleted comment)
Дзякуй! Не спыняйся, калі ласка.

Ты ведаеш пра суполку belarus_travel?

Пастараюся, Вераніка, калі атрымаецца. Вось сёння дыпломніца патэлефанавала і сказала, што да аўторка работы не будзе. Цяпер сяджу ды фота для наступнай часткі адбіраю - карыстаюся магчымасцю :).

Так, я на яе падпісана. І часам выкарыстоўваю матэрыялы адтуль пры падрыхтоўцы.

Дзякуй, хто яшчэ нам такое пакажа :)

У гэтым допісе месцы вядомыя, але далей будуць некаторыя, пра якія я сама даведалася толькі пры падрыхтоўцы праграмы :).

Вельмі цікавая справаздача атрымалася, дзякуй!
(далей ідзе традыцыйны набор кампліментаў, захапленне і г.д.)

:) Я зразумела. Бкдк шукаць час і магчымасці для працягу.

Добра, што не падымаліся даверху ў Юравіцкай царкве. Там плоскі столь зрабілі, паклалі бетанаваную пліту.
Жудаснае відовішча.

Ага. На жаль, сёння больш здзіўляюць будынкі, адрэстаўраваныя з любоўю. Як у Красным берагу, да прыкладу. Я ўпершыню (рэальна ўпершыню за 5 гадоў вандровак) разглядала адноўленыя інтэр'еры з цікавасцю. У большасці выпадкаў такія рашэнні - абняць ды плакаць.