?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
вандроўка па міншчыне. заканчэнне
дама з кацячкай
veragodna
Сумленне - страшная рэч, якая прымушае цябе скончыць распачатую серыю допісаў нават праз паўтара года.
І як бы мне ні хацелася распавесці пра вандроўку па Гомельшчыне-Магілёўшчыне, за адсутнасць справаздачы пра якую Наталька з Віталём павінны былі даўно і справядліва закідаць мяне тапкамі, незавершаныя гештальты ўздзейнічаюць на псіхіку магічным чынам.

Значыць, так. Ішоў трэці дзень нашага бязлітаснага падарожжа.
Пра першыя два можна прачытаць тут, тут і тут (увогуле, не разумею, навошта людзі робяць такія спасылкі - усё адно па іх ніхто не пераходзіць; мабыць, хіба для парадку?).

Праязджаючы Вілію, я не пазнала Кешу ў грыме (с). Калісьці ў Каўнасе, да прыкладу, я чамусьці нават не задумалася, што наша родная рака на літоўскай мытні змяніла не толькі імя, але і пол, ператварыўшыся ў суворага балтыйскага хлопца Нерыса. Пераехаўшы раку, мы апынуліся на радзіме славутага мастака Н. Сілівановіча і не менш легендарных фотапаратаў "Зеніт" - у Вілейцы.

Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл недарэмна лічыцца адным з самых прыгожых неагатычных храмаў нашай краіны. Усё ў ім адмысловае: і колер,  і асіметрыя архітэктуры.



Царква св. Марыі Егіпецкай, пабудаваная ў 1865 годзе ў гонар, як кажуць, задушэння паўстання, уразіла менш. Хіба толькі дзіўным імем да гадзіннікам на вежы, час на якім замёр на роўнай лічбе.




На цэнтральнай плошчы Ленін за кафедрай чытае лекцыю туям.
Між іншым, доўгі час гэты помнік стаяў тварам да гарвыканкаму, які зараз знаходзіцца ў яго за спінай, але злыя языкі кажуць, што знайшліся неабыякавыя грамадзяне, якія абурыліся, што Ільіч, маўляў, да народа павярнуўся не самым ветлівым месцам, і, каб пазбегнуць скандалу, улады развярнулі манумент на 180 градусаў.



На гэтым моманце батарэйкі далі дубу, і мы вераломна набылі новыя, балазе, у "Саюздруку" можна купіць не толькі кока-колу. І падзарадзіўшыся, ірванулі далей.



А шмат вы ведаеце гарадоў, дзе замест цэнтральнай плошчы вось такі краявід? Я дагэтуль бачыла толькі адзін - Глыбокае, таму проста захапілася Мядзелам. Горад-курорт як-ніяк!



Не, традыцыйны Ільіч тут ёсць, не падумайце, але гэта самы лірычны Ільіч у Беларусі, які ў расслабленай позе любуецца хвалямі ды чубатымі кАнямі.



Дарэчы, да 15 стагоддзя горад размяшчаўся на выспе пасярод возера Мястра, і каб не эпідэмія чумы, што вымусіла мядзяльчан перасяліцца на мацярык, беларусы маглі б мець унікальны горад-востраў (зрэшты, тое ж магло адбыцца і з Дзісной ды Іказню, ды, відна, не судзьба, відна, нет любві).



Акрамя курортных краявідаў Мядзел можа пахваліцца "барочна-ракакочным" касцёлам Маці Божай Шкаплернай, які ламае ўсе стэрэатыпы пра беларускія касцёлы. Асабліва калі ўлічыць, што ён пабудаваны ў 1754 годзе - самым піку моды на віленскае барока. Ён настолькі не тыповы для нашых краёў, што адназначна ўвайшоў у мой асабісты топ-10 храмаў краіны.

Пра сваю любоў да яго з першага позірку я і расказваю тут сябрам. Як бачыце, "Бульба-TV" па-ранейшаму жыве і транслюецца ў двух гарадах - Гомелі і Віцебску.

Звярніце яшчэ ўвагу на хвост нашай машыны - вы яе бачыце апошні раз :). Не-не, да Нарачы мы даедзем, не хвалюйцеся.



Неаднаразова апетае нашымі паэтамі возера Нарач насамрэч сімпатычнае, калі забыць пра цэркарыёз, на які апошнія пару дзесяцігоддзяў хварэе тут кожны шосты купальшчык.  Наступствы, мякка кажучы, непрыемныя: у тваёй скуры заводзяцца лічынкі, якія пладзяцца і размнажаюцца. Гучыць рыхтык фільм "Чужы", далібог. Я строга забараніла сябрам набліжацца да вады, бо, згодна са статыстыкай, адну ахвяру мы займелі б пэўна.



Шчыра кажучы, яны і самі пагрэбавалі, убачыўшы масавае выкідванне себялёў на бераг.



Нарач суседнічае з 15-цю іншымі азёрамі, што ўтварае адмысловы курортны клімат у гэтай зоне, дзе практычна не бывае дажджоў, распавядаю я, стоячы спінай да возера, і не разумею, чаму мае сябры душацца ад смеху ад гэтай інфармацыі.



І напрыканцы расповеду пра гэты аб'ект цытата: "Санслужба не запрещает купание в озере, так как церкариоз не инфекционное, а аллергическое заболевание". Карацей, хто не спрятаўся, я не вінават.



За што я люблю беларускія краявіды, дык гэта за тое, што велічныя, велізарныя храмы бачныя здалёк. Дагэтуль дзіўлюся, якім чынам было апраўдана ўзвядзенне такіх гмахаў у маленькіх, часта закінутых далёка ад наезджаных шляхоў, вёсках.



Па дарозе на Будслаў мы трапілі ў дарожны корак амаль сталічнага размаху. Сігналіць нельга - кіроўца малакавоза нервовы пайшоў.



І толькі выбраўшыся з затору, мы ўбачылі, што "едем мы вторые суткі, а пріехалі назад, в славный город Ленінград".



Касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі - адна з галоўных каталіцкіх святыняў Беларусі, малая базіліка (іх толькі тры ў нашай краіне), месца захавання каранаванай цудадзейнай іконы Маці Божай (каранаваныя помню толькі ў Пінску і Лагішыне). Я тут адчула амаль фізічна (трэці раз у жыцці, раней - у Жыровічах і Полацку) такую непараўнальную атмасферу заспакаення і прымірэння, якую цяжка перадаць словамі. Ёсць у гэтым нешта невытлумачальнае. Ды хіба не дзіва той факт, што ў час апошняй вайны праз Будслаў тройчы праходзіла лінія фронту, і пры гэтым такі вялікі будынак, як касцёл, амаль не пацярпеў.

Архітэктура таксама вартая захаплення. Віленскае барока, якое, як акардэон, расцягнулі ў шырыню. Незвычайна, як мінімум. Кажуць, гэта самы шырокі храм Беларусі.



Домікі ксяндзоў 19 стагоддзя. Дзверы адчынены наросхрыст (вось як выразна праявілася этымалогія слова).



Унутры можна ўбачыць і 3Д-фрэскі ў тэхніцы грызайль, як ў Лучаі або Гальшанах.
Мы трапілі на службу. Служба ішла па-беларуску, уразіла, што тэкст Бібліі чытала жанчына. Спевы - на рускай мове. Самая дзіўная служба, якую мне давялося назіраць.
Здымаць, дарэчы, дазволена. І гэта павінна стаць прыкладам для іншых касцёлаў, надзеленых стасусам базілікі. У Пінску, скажам, нам манашка не па-хрысціянску нямала папаматала нерваў, толькі ўбачыўшы камеры ды фотаапараты.



Гэтыя дзве рукі са стыгматамі належаць Хрысту і Францыску Азіскаму.



Храм унікальны і часам пабудовы - спераду 18 стагоддзе, ззаду - 17-е. Бо капліцу святой Варвары, якая стаяла на месцы гэтага буйнога касцёла, не разбурылі, а арганічна ўключылі ў новы праект.



Традыцыйна пакінулі ахвяраванні на цвінтары. У гэтым выпадку пераважна ў выглядзе каўбасы.



Собака бывает кусачей только от жізні сабачай. Не трэба думаць, што я за катамі не бачу нікога іншага :).



Даўгінава было запланавана праездам, хаця класіцыстычных касцёлаў, да якіх належыць касцёл св. Станіслава (1853), у нас небагата. Гламурненька, ружовенька так.



Царква не ўразіла - тыповая мураўёўка. Уразілі мясцовыя волаты.



Даўгінаўскія мужыкі настолькі суровыя, што чалябінскія ў параўнанні з імі кволыя здыхлікі. Гэта вам не нейкі Ленін на суботніку, які з натугай цягне бервяно ў акружэнні сек'юрыці. Наш-та арол!



Неагатычны касцёл у Олькавічах стаў апошнім прыпынкам, хаця планаваліся яшчэ і Камена, і Зембін, і Барысаў.



За Олькавічамі мой ліхі кіроўца падскочыў на нейкім мосціку - і капец машыне, паляцела рэсора. Не паверыце, але ў маленькім мястэчку Плешчаніцы працуюць такія файныя майстры-самавукі, якія амаль у дзесяць гадзін вечара ўставілі-такі замест рэсоры нейкую спружыну з трактара, пераканаўшы нас, што мы даедзем на ёй да Гомеля. І не падманулі! Мы на ёй яшчэ некалькі тыдняў ездзілі, пакуль патрэбныя дэталі чакалі. Вось і казачцы канец, а хто дачытаў - герой :).



Падсумуем. Паводле традыцыйнага рэйтынгу, праведзенага ў нашай турыстычнай групе, сярод славутасцей Міншчыны 1-е месца заняў Нясвіж, 2-е - Будслаў, 3-е - Рубяжэвічы. А возера Нарач абагнаў нават шынамантаж :).

Ага, а я б па спасылцы перайшла, вось толькі вы іх не дадалі :(
Зеніт пайшоў з Вілейкі??? Вось так навіна!
У Даўгінава не былі, прыгожа! Я нават і не чула пра гэтае месца.

Справаздача бляск, дзякуй :)
Цэркарыёз ён такі, ага. Я, напрыклад, у Бярэзіне так апошнім разам праз яго і не купаўся. І да Гомеля не даехаў... ну кіламетраў 100-105 :)

Дзякуй :). Вымучаная справаздача насамрэч, давялося нават відэа пераглядаць, бо забыла дэталі.

Блін, я не ведала, што ён і ў рэках сустракаецца. Думала, гэтая трасца толькі ў азёрах водзіцца.

А пра Гомель - сорамна, Аляксей, сорамна! Што такое 100 км, калі Вы ведаеце, што тут ёсць чалавек, які будзе рады Вас бачыць! :)

Няблагая такая вандроўка атрымалася) а наконт цэркваў - напрыклад, пад час маіх вандровак таксама часта трапляюцца цэрквы з датай пабудовы паміж 1865 і 1870.

Ну, гэта толькі апошняя частка. Ледзьве вымучыла :).

Мы, пэўна, ужо зажраліся, пардон, але ўсе гэтыя цэрквы сярэдзіны 19 стагоддзя (іх калі не сотні, то дзясяткі) успрымаем як звыклае :).

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

That's super! Fascinating, humorous and informative, though I have been to these places earlier, it was very interesting to read about your trip:)

Thanks! :) I know you like the lake Narach but we were impressed by dead fish and information about allergic to water.

гэта нармальна вось так зьдзекавацца зь людзей? пісаць тут, тут і тут і не ставіць спасылкі (па якіх усё адно ніхто не ходзіць, ага). ня буду далей чытаць пост, пакуль не пакажаце, дзе першыя часткі =(

Гэта быў такі мастацкі прыём :). Спасылкі я па просьбах сяброў вышэй у каментары першага ўзроўню пакінула, калі цікава :)).


Лепшы фрагмент - пра рамонт аўтамабіля. :)) Люблю ў падарожжах тое, што немагчыма паўтарыць у наступную паездку. :)

Я помню, што ты не любіш архітэктурных аглядаў, таму тут маса дэталяў на рознага чытача :). А мужык-волат? А сабакі? А цэркарыёз у рэшце рэшт?? :))

Машыну адрамантавалі і прадалі пасля.

(Ананімна)
Абяцанага тры гады чакаюць. У вас удвая менш! Суперадказнасць :-)

Цудоўныя здымкі! Дзякуй! Хутка зноўку лета, таксама павандрую па Беларусі, калі давядзецца...

Здымкі яшчэ старой мыльніцай зроблены, гэтая вандроўка яшчэ ў 2014-м была :).

Вашыя падарожжы вельмі мэтаскіраваныя, не так, як у нашых хаатычных маршрутах :). Абавязкова раскажыце пасля пра ўражанні.

Мяне заўсёды найбольш радуе момант "пазнавальнасці" - тыпу, о-о-о, і я тут была (!!!), ага-ага, амаль на тым самым месцы стаяла (!!!) :)

Ну, і такі не магу не дадаць, што Вы, спадарыня Ала, цудоўны апавядальнік!


І мяне, і мяне таксама гэта заўсёды чапляе! :)

Хачу вярнуць Вам камплімент. Сумую па Вашых цудоўных расповедах.

Віншую вас з набыццём новага фотаздымача. Старым атрымліваліся такія здымкі, што нават Іллічоў няма як разглядзець:)

Ага, апошнім часам увогуле глючыў. Больш такіх здымкаў не будзе, наступнае падарожжа здымала новым :).

я спрабавала перайсцi па спасылке:(

:) Ды калі ласка, мяне ўжо вышэй прысарамацілі.
Частка 3. http://veragodna.livejournal.com/127137.html
Частка 2. http://veragodna.livejournal.com/117718.html
Частка 1. http://veragodna.livejournal.com/117350.html

Интересное путешествие.В восмидесятые годы 3 месяца лета провела на Нарочи.Вода была кристально чистая.Никакой заразы не было.Заплываешь на лодке далеко.Глубина метра 2 и дно видно.

Дзякуй :).

Так і ёсць, гэтая зараза гадоў 15-20, як з'явілася.

Зайшла пагартаць яшчэ ўчора, але амаль засынала, таму пішу толькі зараз.

Дзякуй табе за родныя краявіды!
І калі-калі вы былі ў гэтых мясцінах? )) А то раптам я таксама змагу напісаць табе нешта накшталт твайго каментару Лёшу Арцёмаву ))

А ты адкуль, Воля?

Мы былі пазамінулым летам :). У 2014-м. Неее, я сваіх сяброў занадта цаню, каб прывезці ў госці кумпанію з васьмі чалавек :)).

Вашыя пасты - красамоўная ілюстрацыя для тых, хто круціць носам і кажа "А што ў Беларусі глядзець?". І, ведаеце, гэта проста цуд, што за гады войнаў і ваяўнічага атэізму ў нас захавалася столькі храмаў, прытым незвычайных, унікальных па сваёй архітэктуры. І абсалютна "нераскручаных" у турыстычным плане (хаця не ведаю, добра гэта ці дрэнна). Мае сімпатыі - на баку віленскага барока і неаготыкі :)

Дарэчы, таксама неаднаразова заўважала схільнасць храмаў дамінаваць над наваколлем. І заўсёды здзіўлялася гэтаму кантрасту - велізарных памераў будынак, а побач туляцца драўляныя хаткі. Памятаю, як уразіў касцёл у Дзісне. Пакуль стаялі разбітыя сцены - дык не так кідалася ў вочы. А як адбудавалі, дахам накрылі - якім жа ён выглядае велічэзным!

Разумею, што Вы маеце на ўвазе, калі гаворыце пра наступствы турыстычнага раскручвання. Але, думаю, усё ж добрага больш будзе ў выніку. Фінансаванне, у рэшце рэшт, дазволіць падтрымліваць помнікі ў належным стане.

А мы ў Дзісну трапілі, калі яшчэ руіны былі, дык часмусьці такога ўражання той касцёл не зрабіў. Пэўна, памерамі ўразіў касцёл у Іказні.