?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
"хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка...", або рубрыка "нечаканы класік"
зіма2
veragodna
Я вось і я. Не чакалі? :)
Месяц працавала над артыкулам пра нашага класіка і адкрыла яго зусім з іншага боку.

Вось, як лічыце, у любоўнай лірыцы якога паэта мёртвых жанчын ці не больш, чым жывых?

Хто мог пісаць пра секс на пляжы *закрэслена* эратычную "соладзь стогнаў" пад "песні пальмаў" на чарнаморскім узбярэжжы?
Прычым на другі дзень знаёмства *закрэслена*.

Хто ў каханні здолеў адкрыць 51-е адценне шэрага?
О ногі твае я слязамі абмыю
І споведзь душы сваёй шчыра адкрыю,
Карай не карай сваёй мілай рукой,
Душы не душы сваёй доўгай касой…

Хай камень твой раніць мне самыя грудзі,
Мне мука рукі тваей соладка будзе…
Памру не памру, скажу тайну сваю:
Любіш не любіш – я бясконца люблю.

У каго аднолькава пераканаўчымі атрымліваліся і вытанчана-эстэцкія (нават звышэстэцкія!), і вусцішныя, пачварна-магільныя пейзажы?
Крыжы-крыжы, трупы-трупы, горы трупаў, смяртэльна белы туман, бледны месяц, халодны пясок магілы, зноў крыжы...  І ўсё гэта пад уздыхі, усхліпы, стогны, хрыпы, шэпты. Уражвае малюначак?
Ці вось, да прыкладу, мірны заход сонца над морам:
Хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка, –
Шмат крыві ў мора пралілося...

Ну, хто ж гэта? Скажіте, как его зовут? :)

БЯ!
Та-та-та-та




ДУ!
Та-та-та-та

ЛЯ!

Бя-ду-ля! Ён жа Самуіл Плаўнік. Вось табе і пяць лыжак заціркі на Каляды!

І напішу-ка я, пакуль не забыла, 10 нечаканых фактаў з біяграфіі Самуіла Плаўніка. Усё ж юбілей у чалавека праз месяц.

ФАКТ №1.
Фемініст дамастроеўскага кшталту
.
Паводле трапнай заўвагі Л. Рублеўскай, з прозы З. Бядулі можна зрабіць выснову, што пісьменнік быў феміністам. У той жа час сын З. Бядулі, Яфім Самуілавіч, успамінае, што ў бацькі быў дамастроеўскі характар. Бядуля быў перакананы, што галоўная мэта жанчыны - выйсці замуж і нарадзіць дзяцей, а таму быў супраць, каб сястра Рэня, якая мела выдатныя вакальныя здольнасці, разам з Ларысай Александроўскай (!) паступала ў кансерваторыю.

ФАКТ №2
Смех і слёзы гумарыста.
Абліваючыся слязьмі ў творчасці, З. Бядуля, паводле практычна ўсіх аўтараў мемуараў, быў гумарыстам, душой кампаніі, умеў артыстычна і смешна расказваць нават пра непрыемныя падзеі з жыцця. "Там дзе знаходзіўся "дзядзька Бядуля", заўсёды было весела", - успамінае П. Пруднікаў.

ФАКТ №3
Беларускі Шэрлак. Скрыпка і цыгарэта.

З. Бядуля быў заўзятым курыльшчыкам. Курыў ён няспынна, нягледзячы на забарону дактароў. Бо, па словах жонкі пісьменніка, яго хвалявала, "як ён будзе працаваць без звыклага дымка". А натхненне наведвала Бядулю па начах, і часта ён працаваў да раніцы. Раніцай цяжкую творчую працу завяршаў граннем на скрыпцы. Але ў прысутнасці хворага М. Багдановіча "нават у мароз ён выходзіў пакурыць на паветра, каб Максіму лягчэй дыхалася ў кватэры", - успамінае сястра пісьменніка Соф'я Лерман-Плаўнік. Сёння сказалі б, што паводзіў сябе Бядуля абсалютна па-еўрапейску.

ФАКТ №4
Стыляга-метрасексуал-хіпстар.

Самуіл Плаўнік быў эстэтам не толькі ў творчасці, але і ў жыцці. Ён апранаўся па сваім часе вельмі модна і звяртаў на сябе ўвагу "фацэтным абуткам і вопраткай", - згадвае У. Фінкель. Прагматыкай жыцця "загадвала" Марыя Ісакаўна, жонка пісьменніка. Яна, патомная інтэлігентка, нашчадак сям'і святароў у некалькіх пакаленнях, была выдатнай гаспадыняй, не цуралася ніякай фізічнай працы і сваёй цягавітасцю здзіўляла самога Бядулю. "И представь себе, - пісаў ён сястры з Саратаўскай вобласці пад час эвакуацыі, - она работает не хуже заправских колхозниц. Вчера и сегодня она ходит с Зоечкой на картошку". І далей паказальна: "И я не очень-то гуляю - принимаюсь за изучение колхозной жизни". Эх, мужчыны :).

ФАКТ №5
Перыядычнасць спатканняў - раз у 10 гадоў.

Ажаніўся З. Бядуля нават па нашым часе даволі позна - у 41 год. Першае спатканне з Бядулем у 1916 годзе Марыя Ісакаўна, якая дапамагла непрактычнаму, бездапаможнаму мужчыну, што не мог справіцца з бюракратычнымі парадкамі пункта прыёму бялізны для франтавікоў, помніла да дробязей. А праз 10 гадоў - доўгія дзесяць гадоў, калі дзяўчына не пераставала цікавіцца творчым лёсам пісьменніка і ўрэшце выпадкова трапіла да яго на аўдыенцыю - Бядуля нават не ўспомніў высокую чарнявую прыгажуню, надзеленую "пужлівым" (Я. Скрыган) хараством. Між іншым, у свае сорак Самуіл Плаўнік не мог пахваліцца знешняй прывабнасцю, здаваўся "вельмі пажылым чалавекам" (В. Вольскі). Тым не менш да самай смерці пісьменніка пра іх з жонкай "нетутэйшае" каханне хадзілі легенды.

ФАКТ №6
З маленства ў акружэнні жаночай прыгажосці.

Усе жанчыны роду Плаўнікаў вылучаліся неверагоднай прыгажосцю. Стрыечная сястра Бядулі Мейта настолькі ўразіла М. Багдановіча, што ён называў яе не інакш, як "каралевай англійскай". Родная сястра пісьменніка Геня яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі займела на сталічным конкурсе прыгажосці тытул "Міс Мінск". А мы-та думаем, што конкурсы прыгажосці - гэта адносна нядаўняе спараджэнне поп-культуры :).

ФАКТ №7
Быў асуджаны стаць пісьменнікам, бо вырас у артыстычнай сям'і.

У сям'і Плаўнікаў было сем дзяцей, і розніца паміж старэйшым, Самуілам, і малодшай, Соф'яй,  складала 26 гадоў. І кожны валодаў нейкім музычным інструментам - мандалінай, гітарай, скрыпкай. "Па-цяперашняму, гэта быў сямейны ансамбль, і нядрэнны", - зазначае сястра пісьменніка Соф'я. Асабліва ўражвае ўзгаданы сынам пісьменніка факт, што дзеці роднага брата Саламона перабраліся жыць у Маскву толькі таму, што ў Мінску ім не падабаліся сімфанічныя аркестры :). Больш за тое, сям'я мела двух пісьменнікаў - Самуіла і Ізраіля. Апошні быў паэтам, перакладчыкам, мастаком, але з-за хваробы не змог далучыцца да сям'і пад час эвакуацыі і быў забіты. Самуіл, дарэчы, таксама быў адораны рознабакова. Пісьменнік някепска маляваў, і яму, паводле ўспамінаў брата Мацвея, удаваліся нават партрэты сямейнікаў.

У гэтым кантэксце варта згадаць яшчэ адну дэталь. У ноч смерці бацькі З. Бядулі на яго скрыпцы лопнула струна, і гэты факт відавочна адбіўся на вобразна-сімвалічнай сістэме лірыкі чуллівага, уражлівага Самуіла.

ФАКТ №8
Бацька і маці

Вобраз бацькі як літаратурны тып у лірыцы Бядулі, як правіла, мае негатыўную семантыку. Менавіта бацька ламае лёс яго шматлікіх няшчасных гераінь, у прыватнасці прымушае дзяўчыну выходзіць замуж за нялюбага. Маці ж, наадварот, узвышаецца і надзяляецца сакральнымі характарыстыкамі. Тым не менш у жыцці якраз маці, Хана Лейзараўна, вылучалася большай прынцыповасцю і цвёрдасцю характару ў сваім імкненні ўплываць на рашэнні ўласных дзяцей. Так, сын З. Бядулі, успамінае: "Калі сястра Рэня выйшла замуж і зацяжарыла, то яе маці, мая бабка, не прыняла дадому дачку, бо цёця выйшла замуж за рускага". Прыняў бядачак, дарэчы, у сваім доме Я. Купала.

ФАКТ №9
Дзеці як віртуальны і рэальны аб'ект

З. Бядуля, як вядома, быў глыбокім знаўцам дзіцячай псіхалогіі і пісаў файныя творы для дзяцей, але... уласнага сына і дачку абдзяляў увагай па прычыне занятасці і не мог з імі справіцца, застаўшыся сам-насам з "праблемай". Калі жонка ад'язджала, пакідаючы бацьку з уласнымі дзецьмі, то ён успрымаў гэта як пакуту, успамінаюць Дз. Харык і Я. Рамановіч. Не могучы накарміць дзяцей, З. Бядуля ледзьве не плакаў. Тыповы беларускі бацька :).

ФАКТ №10
Рэлігія

У маладосці рэлігія ў жыцці С. Плаўніка адыгрывала вялікую ролю (дарэчы, даследчыкі дагэтуль не вызначыліся з канфесіяй). Ён нават пісаў артыкулы для клерыкальнага выдання пад псеўданімам Сымон Пустэльнік. У сталыя гады З. Бядуля стаў апантаным атэістам. Ці, прынамсі, хацеў ім выглядаць у страшныя 30-я.

І галоўны афарызм З. Бядулі - "Сапраўднае мастацва ўражвае не адразу!"
Файна сказана, праўда?

  • 1
Дзякуй вам за пост. Са школы не цiкавiлася падрабязнасцямi лесу Бядулi, а тут столькi навiнаў.

Дзякуй Вам вялікі за тое, што дачыталі! Разумею, што мой пост у сённяшніх варунках жж - вельмі і вельмі на аматара :).

Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.

Не чакала, скажу прама :).

Спасибо!
Занятно: я был знаком с Марией Исааковной ("знаком", конечно, условно сказано:мне было лет 10-12). Где-то слайды тех лет лежат, надо бы отсканировать. Интересный человек.

Ой, напішыце што-небудзь, што засталося ў памяці! Зараз кожны ўспамін каштоўны.

Как ее зовут? - Галя! Хорошее імя, главное - редкое :).
Вось і я пішу пра гэта рэдка, бо разумею: сышоў мой шматлікі чытач :).
Дзякуй, Аляксей!

Учора чарговы раз расказвала пра Вас студэнтам у аглядзе сучаснага беларускага літпрацэсу :).

О ногі твае я слязамі абмыю

Шчыра кажучы, ад такіх радкоў у галаве ўзнікае вобраз нямытых канечнасцей і... карацей, не акрыляе :-/

Я была ўпэўнена, што Вы зрэагуеце на секс на пляжы :).

Хм-м-м... відаць, утойлівы быў чалавек...

А што Вы разумееце пад гэтым азначэннем?

А мне дык жахліва... трошкі, але жахліва.
Атрымліваецца, бралі мы (і цяпер ці не так?) ад творчасці чалвека тое, што нам у гэты момант выгадна...
Ці не ў 2-м класе за вершык пад ялінкай мне падарылі "Салаўя". На той час я чытаў урывак з гэтай аповесці - той, вядомы, як Салавей падрабляў галасы. Схапіўся за кніжку, а там - пра іншае. Там - пра каханне. Я спрабаваў чытаць яе штогод, але мо ў класе 7 прачытаў - менавіта прачытаў з захапленнем і разуменнем.
Дзякуй бацьку - захоўваў усе кнігі. А то б і засталося "Бядуля - зацірка"
дзякуй Вам!

Не зусім пагаджуся, цяпер можна насамрэч аб'ектыўна ацаніць набыткі і няўдачы. Файны артыкул (на мой погляд, адзін з лепшых, што напісаны пра Бядулю) быў у Вінцука Каваленкі. Ён трапна заўважыў, што вобраз Бядулі распадаецца на тры часткі: 1) Ясакар-дэкадэнт, 2) нашаніўскі "нацдэмавец" і вораг бальшавізму, 3) рэаліст-бальшавік-атэіст.

Дык і ў мяне першасны вобраз Бядулі яшчэ ў школе склаўся праз зацірку, каляды ды Салаўя. У вну ўжо вывучалі ўсяго Бядулю, але так уважліва я яго лірыку яшчэ не чытала.
Між іншым, зацірка - вельмі харошы твор :). Я ў дзяцінстве плакала над ім.

Edited at 2016-03-06 16:58 (UTC)

Гм, я не ведала, як яго насамрэч завуць. Я і пра іншае не ведала, але пасля такіх імёнаў у тэксце як Самуіл, Саламон і Ізраіль.. У мяне проста ў галаве круціцца адно пытанне, якое забівае ўсе астатнія ўражанні ад тэкста. О_О Я разумею, што вы не пра тое пісалі, але часам думаеш, што ці не палова беларускай культуры створана не тое каб беларусамі, і падазрона так на ўсіх прыжмурваеш вока....

"Яўрэі, яўрэі,
Вакол адны яўрэі!"

:)

Мне здаецца, пра Багдановіча магло быць перабольшванне. Недзе чыіала, што МБ у іх ці не ў калідоры на куфры спаў, а потым МБ праславіўся і постфактум сямʼя перагледзела яго жыццё ў іх доме.

Як цяпер успомніць, адкуль я гэта ведаю. :)

О, класна было б супаставіць інфармацыю, калі б ты ўспомніла крыніцу! Я перачытала ўсё, што можна, але толькі тое, што тычыцца Бядулі. І нават ва ўспамінах пра яго ёсць супярэчлівыя факты.

Чаго, бацькі відавочна былі іўдэямі. Сам Бядуля як чалавек прагрэсіўны актыўна іудаізм не вызнаваў і перайшоў да атэізма, што для яўрэяў міжваеннага часу у СССР было нядзіўным.

Там не ўсё так проста. Найбольш цікавая гіпотэза пра хасідызм, папулярны ў той час сярод яўрэяў Беларусі, належыць І. Навуменку. Я спрабавала ў артыкуле развіць гэтую думку, але, безумоўна, тут яшчэ працы - неўзаранае поле. У хрэстаматыйнай біяграфіі Бядулі ўпамінаецца факт навучання ў хедары і ешыбоце, хаця гэтая інфармацыя (магчыма, і праўдзівая, але) узята з аўтабіяграфічнай аповесці "У дрымучых лясах". Усё ж з мастацкага твора, а не дакументальных крыніц.

класны пост!

ЖЖ чым і добрае, што тут у тэксце можна напрамую закрэсліваць словы а не пісаць *закрэслена* за імі :)


Дзякуй!

Гэта быў свядомы мастацкі прыём :).

Каментар атрымаўся не вельмі асэнсаваным, але ж.

Карацей, неадназначная асабістасць.

Супярэчлівая асоба ва ўсім, ага. Тыповая беларуская гісторыя пра дзве душы.

Надзвычай цікава, тое-сёе проста ўразіла! Карацей, вы ў сваім рэпертуары :) "У Алы допіс - у жж свята" :)) Дзякуй!

Цікавы допіс! Рукі не даходзяць пракаментаваць :)

"Рукі не даходзяць пракаментаваць," - сказала Воля і пракаментавала :).

  • 1