кот

я таксама ў флэшмобе :)

Хачу падтрымаць нечаканую рэанімацыю беларускамоўнага жж. Эх, як гэтага не хапала! Я ўжо нават збіралася тэлеграм заводзіць, кажуць, сучасная альтэрнатыва нашаму ўтульненькаму. Ды і сябры некаторыя там атабарыліся. Бо фб — гэта адназначна ад цёмнага боку поўні, а прыемны лаканічны інстаграм тэксты не шануе, толькі карцінкі. 

Ды і прастору асабістую не шануе, бо кожны мой студэнт, якіх там процьма, лічыць прыстойным вырашаць свае (не-мае) праблемы праз кантакты з выкладчыкам у асобцы. І не даходзіць жа, што там я не працую, а адпачываю. 

Карацей, за год тэм скапілася шмат, выбірайце. Магу напісаць, калі цікава, безумоўна, пра

1) адметнасці працы беларускай медыцыны;

2) сучасныя студэнцкія норавы з яскравымі прыкладамі;

3) пра Львоў (Грузію, Брэсцкую вобласць, Францыю — пра падарожжы, карацей);

4) пра Плюшу;

5) пра што-небудзь яшчэ, я прыдумаю ці вы прыдумайце :).

PS Забыла ўжо, як кат ставіць — ганьба якая :). 


кот

суайчыннікі

Вяртаючыся з канферэнцыі ў Беластоку на самым папулярным відзе транспарту — цягніку з сядзячымі месцамі Кракаў-Гродна, даўно аблюбаваным гандлярамі польскімі таварамі, — мы сустрэліся з патэнцыйнымі героямі колішняй кнігі Харэўскага. Шкадую, што не хапіла ў мяне нахабства сфатаграфаваць гэты заапарк, бо тыпаж настолькі яркі, што без аніякага грыму можа стаць героем серыяла (не перабольшваю, калегі могуць прысягнуць на праграме канферэнцыі). У нашай сям'і мы такіх асоб называем суайчыннікамі і надаем гэтаму слову функцыі абсцэннай лексікі :).

Уласна гісторыя. Заходзім у Беластоку ўчатырох у купэ, разлічанае на восем месцаў, і бачым, што ўсе багажныя месцы занятыя бауламі нашых суседзяў. Удакладняю: чатыры пасажыры занялі ўсе багажныя месцы, і нашы цяжэнныя торбы-валізкі з бясплатнымі кнігамі (можаце ўявіць, колькі кніг награбе філолаг, калі яму прапануюць іх бясплатна :) могуць змясціцца толькі ў адным выпадку: калі іх паставіць сабе на калені і памерці пад заваламі. Прычым на багажных месцах у дадатак стаяць пакеты, дамскія сумачкі, нейкія каробачкі і да т.п.

Ветліва просім пасунуць сумкі і вызваліць месца для нашых немаленькіх торбаў-чамаданаў, чакаючы на натуральную чалавечую рэакцыю.
І тут суайчыннікі аб'ядналіся і дружна паўсталі за свае правы: "Почему вы ведете себя так эгоістічно??!!" - крычалі яны. "Мы едем с Кракова, а вам тут всего два часа потерпеть!!" - абвінавачвалі яны нас за прэтэнзію на нашы ж багажныя месцы. Калі мы спрабавалі патлумачыць, што нашы квіткі не горшыя за іх і маюць права таксама на чатыры багажныя месцы, то атрымалі кантрольны стрэл: "Вы ушчемляете наші права!!" - пырскалі сліною суайчыннікі, і я, пардон, афігела ад сілы накалу - во дзе праавабаронцы! Іх бы энергію ды ў належнае рэчышча! Даўно б жылі як у Швейцарыі.

Collapse )

кот

пра жаночую неабачлівасць і мужчынскую баязлівасць

Пайшла я ў чацвер у басейн - традыцыйная вясновая гонка за больш-менш прымальнымі формамі перад летнім адпачынкам.
Плыву, значыць, у тэмпе, нікога не чапаю, а насустрач нейкі мужчына даў нырца. Інтрыгуючы пачатак? :)

Праз некалькі секунд вынырвае нага гэтага мужыка ў трох сантыметрах ад майго твару і з усяе моцы б'е па вадзе. Я, рыхтык прафесійны баксёр, паспяваю ўхіліцца ад моцнага хуку ў падбароддзе, але адчуваю, што яго нага чапляе на маёй шыі ланцужок і ператварае яго ў маляўнічае, як пасля высветлілася, шмаццё, накшталт ніткі-дроту. І тут я разумею: КРЫЖЫК! Падораны мамай, асвечаны ў царкве, мой нацельны залаты крыжык, які я не здымаю ніколі, бо гэта не ўпрыгожванне - "золатабрыльянты" я, натуральна, у басейн не надзяваю. Хапаюся за шыю - няма крыжыка!

Нырун гэты прамармытаў нейкія выбачэнні і ледзьве не батэрфляем паплыў да выхаду. Я бягом да цёткі-наглядчыцы, тлумачу сітуацыю. Кажу, дапамажыце, маўляў, дастаць. Цётка - тыповая такая кабета з начосам і тварам, на якім чытаецца пакута ад сваёй нудотнай працы, - не надта пранікаецца маімі праблемамі. Яе больш цікавяць падрабязнасці нашага з ныруном інтымнага кантакту ў вадзе. Карацей, класіка: "спасеніе утопаюшчых - дело рук саміх утопаюшчых". Бярыце, кажа, акуляры і нырайце, лепш - у перазменку, калі нікога няма ў вадзе. Людзі часам знаходзілі сваё золата. Абылажанчынаякаявялізныбрыльянтзгубіла.... Адругаяназаказзавушніцурабіла.... Атрэцяя....

А басейн мала таго што глыбокі, дык яшчэ з мінеральнай вадой - у такім захочаш утапіцца, дык замучаешся, выштурхоўвае вада. І каб паспяхова ныраць, трэба быць не кволым філолагам, а нармалёвым такім качком, як мінімум. Мужык, карацей, трэба. Шукаю вачыма майго інтымнага партнёра па няшчасці, а яго няма! Збег хавацца ў мужчынскую раздзявальню. Прычым рэальна збег, бо пад час інцыдэнту я яшчэ свой кіламетр не праплыла (гэта каля 30 хвілін), а ён прыйшоў пазней за мяне. Сядзіць там і не выходзіць. Думаў, відаць, што я яго не дачакаюся. А я не магу сысці, бо мабільны ў басейн не бяру, а муж прыедзе за мной згодна з агавораным часам.

Collapse )
кот

са святам, сябры!


Хрыстос уваскрос, сябры! У гэтае светлае свята перамогі дабра, любові і справядлівасці жадаю вам Божай падтрымкі і анёла-ахоўніка!
Не магла сёння не прыйсці ў гэтае ўтульнае месца, жж для мяне па-ранейшаму застаецца самым цёплым успамінам пра лепшых людзей.


PS Хрыстос уваскрос, а ЖЖ такі памёр... :(
кот

курыца не пціца, а родас не зусім і грэцыя

Калі ў пятым класе я зачытала да дзірак кнігу Куна, я проста марыла паехаць у Грэцыю, каб пабачыць на ўласныя вочы ўсе гэтыя антычныя руіны ды надыхацца паветрам, у кожнай малекуле якога ёсць тлустая кропля старажытнай гісторыі. З тае пары шмат малака было выпіта, і сёлета, нарэшце, я трапіла ў краіну сваёй дзіцячай мары. І ўбачанае на Родасе стала для мяне абсалютнай нечаканасцю.

Перад вамі Ліндас, магчыма, самае "грэчаскае" мястэчка на Родасе - каларытныя белыя дамкі і нават антычны акропаль на гары. Праўда, самі родасцы стараюцца лішні раз не ўзгадваць, што ўсе гэтыя калоны - хаця і прыгожы, але навабуд, прынада для наіўнага турыста, прычым зроблены ў поўнай адпаведнасці з традыцыяй, якой карысталіся рэстаўратары нашага Лідскага замка.



Хаця, калі шчыра, сёе-тое захавалася. Вось, да прыкладу, аўтэнтычныя руіны антычнага тэатра.



Не ведаю, навошта родасцам гэтыя сарамлівыя маніпуляцыі з антычнасцю, калі ім сапраўды ёсць чым ганарыцца. Так, на востраве велізарная (ці не большая, чым на самой Мальце) калекцыя артэфактаў, звязаная з рыцарамі Мальтыйскага ордэна, яны ж гаспітальеры, яны ж іаніты. Гаспітальеры трапілі на свой "востраў руж" пасля таго, як былі выгнаны з Палесціны, пажылі тут пару-тройку стагоддзяў і зноў былі выгнаны, у гэты раз на Мальту (не рыцары, а батаны нейкія, якіх ганяў увесь сярэднявечны свет :).

Collapse )
кот

стыхія

Што ў вас тут робіцца, людцы, пакуль я  адпачываю?



Пабачыўшы кіламетры паваленага лесу, мы ўжо маральна падрыхтаваліся да сюрпрызаў з машынай, якую пакінулі на стаянцы аэрапорта. Суседзі па крэсле распавялі, што пад час буры маленькі самалёцік проста раскідала па пляцы. Не ведаю, ці праўда гэта, але настрою не дадало.



Collapse )
кот

дыя@блог пра любоў і каханне ў беларускай лірыцы

Што будзе, калі літаратуразнаўцу запрасіць на перадачу пра мову? Правільна, ён будзе гаварыць пра літаратуру :).

Разумею, што выдаткаваць 25 хвілін сёння для вас, сябры, - гэта раскоша, але раптам каму цікава, у "Дыя@блогу" я гавару пра любоў і каханне ў беларускай мове літаратуры з Аленай Трацэнка.



PS Дарэчы, пасля гэтай перадачы да мяне дайшло, што тэлежурналісты разумеюць пад тэрмінам "нерабочы бок". Дык вось, мяне здымалі з нерабочага боку. Какетнічаю, натуральна :).
кот

інстаграм

Шаноўныя сябры, знаёмыя і проста чытачы майго блога!
З усёй адказнасцю ўрачыста заяўляю, што ад сённяшняга дня я завяла сабе інстаграм. Гэтае рашэнне выспявала доўга, і канчатковы крок быў інспіраваны дзвюма прычынамі:
1) у фэйсбуку я дагэтуль адчуваю сябе чужой;
2) пендалі ад Аксаны і Волі маюць чароўную моц (гэта папярэджанне іншым).

Гэта першы мой акаўнт пад сапраўдным імем, між іншым.
Каму цікава, далучайцеся: https://www.instagram.com/ala_bradzikhina/
А тое я тут адна, мне страшна і бязлюдна :).

PS І што, скажыце, у гэты самы інстаграм я з камп'ютара не змагу посціць фота??
кот

пра жаночыя хітрыкі

Жаночая хітрасць, бязлітасная і разбуральная. Яна не выбірае ахвяраў, яна стыхійная і самадастатковая. Часам жаночая хітрасць мяжуе з подласцю, часам прыкідваецца слабасцю ці, яшчэ лепш, глупствам наіўнасцю. І я зараз зусім не пра мілыя какетлівыя хітрыкі ў адрас мужчын. Я пра тую хітрасць, якой "все возрасты покорны" і якая часам вырываецца з жаночага нутра насуперак волі яе носьбіта.

Уласна, дзве кароткія гісторыі.

Гісторыя першая. Пра маладосць.
Выбіраю сабе ў "Гіпа" панчошкі (пардон за такія інтымныя дэталі, але гэта важна). Знаходжу неабходны колер, памер, якасць і кідаю ў кошык. Прыношу дадому, раскрываю ўпакоўку... Іціць-калаціць, што называецца. Замест дарагіх панчохаў ва ўпакоўку ад іх увапхнуты танныя калготы, кшталту "Контэ" ў горшым сэнсе гэтага слова.

І хто, скажыце, гэта зрабіў? Хто падмяніў дарагія панчохі на танныя калготы?
Пяцідзесяцігадовая кабета, якая вырашыла зрабіць сваёй нявестцы падарунак?
Юнак, які збіраўся прэзентаваць каханай прыгожыя панчошкі ва ўпакоўцы ад танных калготаў?
Рабочы дзядзя Вася, якому раптоўна захацелася эстэтыкі ў стасунках з жонкай?

Не, гэтую падмену зрабіла маладая асоба, якой проста не хапала грошай на жаданыя панчохі. І няважна, што нехта іншы (а ёй магла аказацца такая ж бедная студэнтка, якая патраціла паўстыпендыі на жаданую ў гэтым узросце дробязь) мог набыць гэты пакет і прарыдаць над ім паўвечара. Нават падумалася, добра, што гэтай ахвярай аказалася я.

Гісторыя другая. Пра старасць.
Collapse )
кот

вандроўка па гомельшчыне. мазыр і тураў

Мазыр сустрэў нас неверагоднай спякотай - градусаў 35, як мінімум, што ў спалучэнні з дзікімі абрыкосамі, якімі была  шчодра засыпана ўся новаспечаная брукаванка, стварала поўную ілюзію таго, што Беларусь, падтаўшы, як марожанае, спаўзла па мапе далёка на поўдзень.



Пачалі мы агляд з Даліны Анёлаў, дзе знаходзіцца барочны касцёл Святога Міхаіла Арханёла пры манастыры цыстэрцыянак (1743 - 45) - так званых белых манашак - і дзе адзін мясцовы анёл загадзя чакаў нашу няўрымслівую групу.  І пакуль vital_rudak хаваўся ад нашэсця турыстаў-авантурыстаў на працы, яго жонка Наталька kiedy аддувалася за дваіх і пагадзілася быць нашым персанальным гідам.




Collapse )